2014-12-19 12:43:37

Трэцяе адвэнтавае казанне айца Канталамесы: спакой як плён духа


RealAudioMP3 19 снежня прапаведнік Папскага дому айцец Раньера Канталамеса ў трэці і апошні раз звярнуўся да Пантыфіка і супрацоўнікаў Рымскай курыі са сваім адвэнтавым казаннем, прысвечаным спакою. Ён заўважыў, што св. Павел ставіць спакой на трэцяе месца сярод плёнаў духа: “А плён духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 22). Што гэта за “плёны духа” мы пазнаем з кантэксту, у якім узнікла іх ідэя. Гэта кантэкст змагання цела і духа, змагання прынцыпаў жыцця старога чалавека, поўнага зямных жаданняў, і прынцыпаў жыцця новага чалавека, які кіруецца Святым Духам. Такім чынам, патлумачыў айцец Канталамеса, плён духа мы разумеем сёння як дабрачыннасць, у біблійным, а не арыстоцелеўскім сэнсе гэтага слова. У адрозненне ад дароў духа, плёны духа аднолькавыя для ўсіх: усе не могуць быць прапаведнікамі, прарокамі, евангелістамі, але могуць і павінны быць літасцівымі, цярплівымі, пакорлівымі, міралюбнымі.

Прапаведнік лічыць, што спакой як плён духа азначае звычайны стан душы і стыль жыцця таго, хто дасягнуў унутранага спакою, спакою сэрца. Дасягнуць унутранага спакою на працягу стагоддзяў імкнуліся ўсе вялікія шукальнікі Бога. На Усходзе, гэта былі пустэльнікі, манах Арсеній. Пра пошук ўнутранага спакою ідзе гаворка ў рускіх “Откровенных рассказах странника духовному отцу своему”. Заходняя традыцыя шукала той жа ідэал, але іншымі шляхамі. Св. Аўгустын прысвячае спакою цэлую кнігу “De Сivitate Dei”, у якой дае класічную дэфініцыю спакою як парадку (“tranquillitas ordinis”). У іншай сваёй працы св. Аўгустын кажа, што толькі той знойдзе спакой у сэрцы, хто падпарадкуецца волі Бога. Св. Ігнацый Лаёла таксама лічыў спакой станам поўнага прыняцця жадання Божага.

Айцец Канталамеса падкрэсліў, што спакой – гэта вынік нашых намаганняў. Для дасягнення спакою ў сэрцы трэба пераадолець супраціў цела духу. Як казаў Св. Павел: “Бо тыя, хто жыве паводле цела, думаюць аб цялесным. А тыя, хто паводле духа, – аб духоўным. Бо памкненні цела– смерць, а памкненні духа– жыццё і спакой. Памкненні цела– непрыяцелі Бога, бо не пакараюцца закону Божаму, ды і не могуць. Тыя ж, хто жыве паводле цела, не могуць падабацца Богу. Вы ж не ў целе, але ў Духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму. Калі ж у вас Хрыстус, то цела мёртвае з-за граху, а дух мае жыццё дзякуючы апраўданню. Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў Езуса з мёртвых, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста з памерлых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які ёсць у вас. Таму, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела” (Рым 8, 5-13).

У наш час акцэнт ставіцца на такіх больш пазітыўных спосабах захавання ўнутранага спакою, як давер Богу, упэўненасць у Яго любові. Шлях да пераадолення трывог і знаходжання спакою ў сэрцы паказвае нам св. Павел, які кажа: “Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго? Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? Хто будзе асуджаць[іх]? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас? Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? Як напісана: “За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз”. Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас” (Рым 8, 31-37). Пяраслед, небяспека, меч: гаворка не ідзе пра нейкі абстрактны спіс. Усе гэтыя выпрабаванні св. Павел перажыў і пераканаўся, што ніводнае з іх не здольна вытрымаць параўнанне з думкай пра любоў Бога. Далей св. Павел звяртае свой погляд на навакольны свет: “Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым.” (Рым 8, 37-39). Св. Павел прапануе нам таксама зірнуць на навакольны свет, які палохае нас, праз прызму любові Бога. Тое, што Павел называе “вышынёй” і “глыбінёй” – гэта сусвет і атам. Чалавек слабы і самотны ў свеце, які пагражае яму войнамі, невылечнымі хваробамі, тэрарызмам... Але нішто з гэтага не здольна адлучыць нас ад любові Бога. “Бог ёсць і гэтага досыць!” – заключыў айцец Канталамеса.








All the contents on this site are copyrighted ©.