2014-12-19 11:05:01

Кардынал Паралін: роля Папы ў аднаўлені адносін паміж ЗША і Кубай – вызначальная


RealAudioMP3 У аднаўленні адносін паміж ЗША і Кубай вызначальную ролю адыграў папа Францішак. Пантыфік, які паходзіць з Лацінскай Амерыкі і добра ведае пра існуючыя ў рэгіёне праблемы, знайшоў адпаведны спосаб паспрыяць збліжэнню двух краін, распавёў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён адзначыў, што менавіта Святы Айцец выступіў з ініцыятывай напісаць лісты амерыканскаму і кубінскаму лідэрам, каб дапамагчы ім знайсці пукты збліжэння. Рашэнню аб аднаўленні адносін паміж Кубай і ЗША паспрыяла і дзейнасць св. Яна XXIII, візіты на Кубу св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, перакананы кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. “Відавочна, што фон кожнага рашэння і перш за ўсё рашэння такога кшталту, такога значэння і важнасці, складаўся з працы, намаганняў, церпялівасці, маленькіх крокаў”, - сказаў ён.

Паводле кардынала Параліна, дадзеная сітуацыя з’яўляецца цудоўным прыкладам “культуры сустрэчы”, да якой Пантыфік часта заклікае людзей і краіны: чым больш існуе праблем, тым больш павінен весціся дыялог.

Бліжэйшы супрацоўнікі Папы нагадаў, што мэтай ватыканскай дыпламатыі з’яўляецца спрыянне міру, барацьба з беднасцю і “будаванне мастоў”, пра што Францішак казаў яшчэ падчас сваёй першай прамовы да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе. “У дадзенай сітуацыі будаванне мастоў адбылося праз спрашчэнне дыялогу паміж абодвума бакамі”, - сказаў ён і назваў пазіцыю Апостальскай Сталіцы ў дадзеным кантэксце “тыповай” для ватыканскай дыпламатыі – прапаноўваць шчырую паслугу дзеля станоўчага вырашэння праблем.

Кардынал Паралін перакананы ў тым, што гістарычнае рашэнне амерыканскага і кубінскага кіраўніцтваў будзе мець наступствы для ўсяго лацінаамерыканскага рэгіёна. Акрамя таго, ён адзначыў каштоўны прыклад адвагі Прэзідэнтаў ЗША і Кубы, які, на яго думку, можа стаць натхняючым для лідэраў іншых краін, што знаходзяцца ў супрацьстаянні.








All the contents on this site are copyrighted ©.