Францішак задаволены аднаўленнем адносін паміж ЗША і Кубай
Святы Айцец выказаў
глыбокае задавальненне гістарычным рашэннем кіраўніцтва ЗША і Кубы аднавіць узаемныя
дыпламатычныя адносіны, з мэтай пераўзыходжання, у інтарэсах сваіх грамадзян, цяжкасцяў,
якімі адзначаліся ўзаемныя адносіны на працягу навейшай гісторыі. У спецыяльным паведамленні
ватыканскага Дзяржсакратарыяту, апублікаваным верачарам 17 снежня 2014 г., адзначаецца,
што “на працягу апошніх месяцаў Святы Айцец Францішак напісаў лісты Прэзідэнту Рэспублікі
Куба Раулю Кастра і Прэзідэнту ЗША Бараку Абаме, запрашаючы іх вырашыць гуманітарныя
пытанні, якія ўяўляюць цікавасць для абодвух бакоў, сярод якіх сітуацыя некаторых
зняволеных, з мэтай пачаць новы этап у адносінах паміж гэтымі краінамі”. “Святы Пасад,
прымаючы ў кастрычніку ў Ватыкане дэлегацыі гэтых двух краін, пажадала прапанаваць
сваю шчырую паслугу, каб паспрыяць канструктыўнаму дыялогу адносна далікатных тэм,
вынікам якога маглі б стаць рашэнні, задавальняючыя абодва бакі. Святы Пасад працягне
забяспечваць сваёй падтрымкай ініцыятывы, якія абедзьве краіны прымуць дзеля ўмацавання
двухбаковых адносін і спрыяння дабрабыту сваіх грамадзян”, гаворыцца ў паведамленні
Апостальскай Сталіцы.
Дыпламатычныя адносіны паміж Кубай і ЗША былі разарваны
ў 1961 г. Аб іх аднаўленні лідэры краін паведамілі 17 снежня 2014 г. у адпаведных
тэлезваротах да грамадзян. Між іншым Рауль Кастра і Барак Абама адзначылі асаблівую
ролю папы Францішка ў гэтым працэсе. “У прыватнасці хачу падзякаваць Яго Святасці
Папе Францішку, чый маральны прыклад паказвае нам, што важна будаваць свет такім,
якім ён павінен быць, а не проста прымаць яго такім, якім ён з’яўляецца”, - сказаў
амерыканскі лідэр. Рауль Кастра таксама выказаў падзяку “Ватыкану і ў прыватнасці
папе Францішку за спрыянне паляпшэнню адносін”.