2014-12-16 15:23:47

Святы Пасад задаволены вынікамі візітацыі жаночых манаскіх супольнасцяў у ЗША


RealAudioMP3 Апостальская візітацыя жаночых манаскіх супольнасцяў у ЗША, якая праходзіла ў 2009-2012 г., не мела прэцэдэнтаў па сваім маштабе. Яна ахапіла 405 жаночых манаскіх супольнасцяў і 50 тыс. законніц, якія належаць да 341 манаскага інстытута. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы па выніках візітацыі, складзенай Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. У дакуменце адзначаецца, што апостальскія візітацыі ажыцяўляюцца па ініцыятыве Святога Пасаду, каб ацаніць дзейнасць і стан таго ці іншага касцёльнага інстытута і дапамагачы яму палепшыць выкананне місіі. Візітацыя жаночых манаскіх супольнасцяў у ЗША была выклікана ўсведамленнем факту, што апостальскае манаскае жыццё ў гэта краіне “перажывае цяжкія часы”. У яе рамках была сабрана інфармацыя аб якасці духоўнага, супольнаснага і апостальскага жыцця розных інстытутаў. Аналізавалася сітуацыя з разуменнем законніцамі харызматаў і ідэнтычнасці сваіх супольнасцяў у святле навучання Касцёла, сітуацыя з пакліканнямі і рэлігійным выхаваннем, хрыстацэнтрычнай малітвай, супольным і апостальскім жыццём, кіраваннем фінансамі, удзелам у евангелізацыйнай місіі Касцёла.

Ватыканская Кангрэгацыя выступіла са сваімі заўвагамі і прапановамі адносна кожнай з гэтых тэм. Было высока ацэнена, што законніцы глыбока знаёмы з харызматамі і гісторыяй сваіх супольнасцяў і занепаконы іх лёсам у сувязі з пастаянным памяншэннем колькасці пакліканняў, якое працягваецца з 1960-х гг. Вялікую падтрымку Святога Пасаду выклікала жаданне многіх супольнасцяў дзяліцца сваімі харызматамі са свецкімі вернікамі.
Апостальская Сталіцы заклікала законніц працягваць ставіць Хрыста ў цэнтр сваёй веры і захоўваць “здаровую супольную духоўнасць, заснаваную на сакрамэнтальным жыцці Касцёла і Святым Пісанні”. У ватыканскім дакуменце адзначаецца важнасць супольнага жыцця і карыснасць “міжкангрэгацыйнага” супрацоўніцтва законніц, вымушаных працаваць у месцах, дзе не існуе супольнасцяў іх уласнага інстытута. У кіраванні манаскімі супольнасцямі не павінна быць “месца для аўтарытарызму і сляпога падпарадкавання”, падкрэсліваецца ў справаздачы.

Візітацыя паказала вялікую павагу да амерыканскіх законніц з боку католікаў краіны. Пра гэта гаворыць нават той факт, што з 1988 г. на ўтрыманне законніц пажылога ўзросту вернікі сабралі больш 500 млн. долараў. Апостальская Сталіца, у сваю чаргу, заклікае ўсе манаскія супольнасці “мудра распараджацца сваімі рэсурсамі, каб забяспечыць патрэбы сваіх членаў і далей выконваць евангелізацыйную місію Касцёла”.

Святы Пасад выказаў расчараванне тым, што некаторыя амерыканскія манаскія супольнасці аднесліся са страхам і падазрэннем да Апостальскай візітатацыі і не пайшлі на супрацоўніцтва, а таксама выказаў гатоўнасць да плённага і паважлівага дыялогу з імі.








All the contents on this site are copyrighted ©.