2014-12-16 10:21:17

Каталіцкія скаўты ў Беларусі на службе грамадству і Касцёлу


RealAudioMP3 На мінулых выходных у Гомелі адбылося педагагічнае спатканне для ўсіх звязовых каталіцкіх скаўтаў Беларусі, што працуюць па педагогіцы Федэрацыі скаўтаў Еўропы (FSE). Звязовыя – тыя, хто займаецца дзецьмі-скаўтамі ўзростам 12-17 гадоў. Мэта такіх сустрэч – падзяліцца досведам, даведацца аб нечым новым у педагогіцы скаўтынгу. Прычым, адначасова на асобных спатканнях сустрэліся як хлопцы-скаўты, так і дзяўчаты-скаўткі з усёй Беларусі на чале з Генеральным камісарам каталіцкіх скаўтаў у Беларусі Паўлам Граковічам і Генеральным камісарам каталіцкіх скаўтак у Беларусі Вольгай Гарашэвіч. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё мела магчымасць даведацца ў лідэраў беларускіх скаўтаў аб сучасным становішчы гэтага руху ў беларускіх парафіях і перспектывах развіцця.

Па апошніх дадзеных у Беларусі зараз 90 дзяўчат-скаўтак, 34 “Божыя кароўкі” (дзяўчынкі ўзростам да 12 гадоў, якія рыхтуюцца стаць скаўткамі) і 33 шэфы (дарослыя скаўткі, што працуюць з дзецьмі), падзялілася Вольга Гарашэвіч. “Развіваемся, ідзём далей, вопытныя дзяўчаты дзеляцца досведам з новымі звязовымі. У гэтым годзе мы ўдзельнічалі ў спатканні ўсіх скаўтаў Еўропы – “Еўраджэме”, і сёння вырашылі, што трэба зноў сустрэцца, каб падзяліцца радасцю ад гэтай падзеі: 22 лютага на Дзень братэрскай думкі ў нас будзе спатканне ўсіх звязаў і КВН на тэму, што чакалі ад “Еўраджэму”, і што атрымалі”, - падзялілася Генеральны камісар скаўтак у Беларусі.

Хлопцаў-скаўтаў у краіне налічваецца каля 160. Калі глядзець агулам на скаўтынг у Беларусі, зараз лідэры працуюць больш над якасцю педагогікі ў дзеючых адзінках, а таксама робіцца вялікі акцэнт на развіцці скаўтынгу ў Мінску, адзначыў Павел Граковіч.

“У Мінску зараз дзейнічае больш за дзесяць парафій, а рэальная скаўцкая адзінка толькі адна і яна не поўная – не завершаная дружына. Таму шмат працы, інвестыцый у тое, каб у Мінску таксама з’явіліся адзінкі. На сённяшні момант у парафіі св. Роха ў Мінску ўжо дзейнічаюць скаўцкія адзінкі, ёсць зграя “ваўчанят” (хлопцы ад 8 да 11 гадоў), таксама ствараецца адзінка дзяўчат-скаўтак ад 12 да 17 год і таксама, калі знойдзем адпаведную колькасць дзяцей, будуць “Божыя кароўкі” і скаўты ад 12 да 17 гадоў”, - падзяліўся скаўцкі лідэр.

На сустрэчы ў Гомелі звязовыя запланавалі тэхнічны курс для скаўтаў, які адбудзецца ў красавіку. Мэта курсу – каб дзеючыя скаўты даведаліся больш глыбока пра вядомыя скаўцкія тэхнікі і вывучылі новыя. Таксама на пачатку мая плануецца нацыянальная вандроўка ў Гудагай, а ўлетку кожная скаўцкая адзінка будзе ладзіць свае “летнікі”.

Увогуле, скаўцкі рух у каталіцкіх парафіях Беларусі аб’ядноўвае разам розныя пакаленні: ад 8-гадовых дзяцей да сталых мужчын і жанчын неабмежаванага ўзросту. У скаўтынгу праходзіць як духоўная, так і маральная, фізічная фармацыя чалавека. Скаўты служаць у парафіях, прымаючы на сябе разнастайныя абавязкі, выконваюць сацыяльнае служэнне, вучацца жыць на прыродзе і любіць яе, бачыць у прыродзе Бога. У адрозненні ад іншых скаўтаў каталіцкія маюць сваю спецыфіку: гэта прыналежнасць да парафіі, удзел у св. Імшы, адмысловыя абавязкі і адпаведная педагогіка.

А на днях хлопцаў і дзяўчат чакае вельмі пачэсная справа: развезці па парафіях агонь з Бэтлеему, які прыбудзе ў Беларусь 19 снежня 2014 г. У гэты дзень, пасля перадачы на польска-беларускай мяжы, яго ўрачыста прымуць на св. Імшы ў катэдральным касцёле Гродна, дзе збяруцца каталіцкія скаўты, каб запаліць свае лампады і развезці агонь па Беларусі. Па шляху да Мінска Бэтлеемскі агонь плануюць даставіць у Іўе, Ліду і Івянец, а ўрачысты ўнос сімвала Божага Нараджэння ў мінскі архікатэдральны касцёл адбудзецца 21 снежня ў 13.00. Плануецца, што агонь з рук каталіцкіх скаўтаў прыме Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадувуш Кандрусевіч. З Мінска Бэтлеемскі агонь каталіцкія скаўты развязуць у напрамках Гомеля, Барысава і Віцебска, па шляху перадаючы яго ў каталіцкія парафіі іншых гарадоў. У сталіцы і іншых гарадах ўсе жадаючыя змогуць запаліць свае лампады, каб занесці агонь з Бэтлеему ва ўласныя дамы ці перадаць родным.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.