Пантыфік да слабавідушчых: мы ўсе маем здольнасці, і ўсе маем абмежаванні
Францішак сустрэўся
13 снежня 2014 г. з членамі Нацыянальнага савета італьянскага Саюза сляпых і слабавідушчых.
Нагодай для спаткання стаў літургічны ўспамін св. Люцыі, апякункі людзей, якія згубілі
зрок. Пантыфік нагадаў пра характэрныя рысы святой і падкрэсліў іх актуальнасць у
наш час. Св. Люцыя адзначалася мужнасцю, якая праявілася падчас катаванняў, што маладая
жанчына перажыла за Хрыста. “Мы ўсе патрабуем мужнасці, каб супрацьстаяць жыццёвым
выпрабаванням. У прыватнасці, асобы сляпыя і слабавідушчыя не павінны замыкацца ў
сабе або прымаць пастуву пацярпелага, але, наадварот, быць адкрытымі да рэальнасці,
да іншых, да грамадства; каб вывучыць і пазнаць магчымасці, якія Пан уклаў у кожнага
з іх, насамрэч у кожнага без выключэння! І для гэтага трэба мужнасці, стойкасці духа”,
- падкрэсліў Пантыфік.
Іншай рысай св. Люцыі была яе прывязанасць да супольнасці,
на чале якой стаіць Хрыстус, пачуццё таго, што яна частка цэлага, не адна ў гэтым
свеце. Гэта важна разумець у рамках арганізацыі, такой як італьянскі Саюз сляпых і
слабавідушчых, падкрэсліў Святы Айцец. “Асацыяцыя – гэта не сума індывідаў, гэта нашмат
больш” – салідарнасць, абмен вопытам, абмен магчымасцямі, - дадаў ён. І менавіта людзі
з інваліднасцю могуць пацвердзіць гэты прынцып узаемадапаўняльнасці. “Наяўнасць людзей
з абмежаванымі магчымасцямі мабілізуе ўсіх да стварэння супольнасці, быцця супольнасцю,
прыняцця адзін аднаго з нашымі абмежаваннямі. Таму што мы ўсе маем здольнасці, але
ўсе таксама маем абмежаванні”, - сказаў Папа і дадаў, што св. Люцыя дапамагае нам
таксама не забывацца, што жыццё – гэта дар, і разуменне гэтага з’яўляецца сапраўдным
сакрэтам шчасця.
Францішак пажадаў змагацца за каштоўнасці, прапанаваныя св.
Люцыяй у сённяшнім індывідуалістычным свеце.