Пантыфік прывітаў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру
Папа Францішак даслаў
сардэчнае прывітанне ўдзельнікам XIV Сусветнага саміту лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі
міра, які праходзіць у Рыме 12-14 снежня 2014 г. “У сэрцы кожнага чалавека ляжыць
жаданне паўнавартаснага жыцця, у тым ліку і нястрымнае імкненне да братэрства, (...)
якое дазваляе нам бачыць у іншых людзях не ворагаў і канкурэнтаў, а братоў і сясцёр”,
– гаворыцца ў лісце, дасланым за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.
Святы Айцец вельмі ўдзячны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за іх прыхільнасць справе
міру і братэрства народаў, а таксама за дзейнасць, накіраваную на пошук рашэння шматлікіх
канфліктаў. У сувязі з тым, што саміт прысвечаны памяці Нэльсана Мандэлы, чыя спадчына
працягвае натхняць увесь свет, Пантыфік моліцца аб тым, каб яго праца прынесла багатыя
плёны міру на зямлі.
Нобелеўская прэмія міру – вышэйшая ўзнагарода за дасягненні
ў галіне ўмацавання міру, якая штогод прысуджаецца Нобелеўскім камітэтам у Осла. За
час існавання прэміі з 1901 года яе лаўрэатамі сталі 100 чалавек, у тым ліку Маці
Тэрэза з Калькуты, Міхаіл Гарбачоў, Барак Абама, Кофі Анан, Лех Валенса, Далай-лама,
Андрэй Сахараў. 25 разоў прэмію атрымоўвалі арганізацыі, у прыватнасці, ААН, ЕС і
Арганізацыя па забароне хімічнай зброі. У 2014 г. на Нобелеўскую прэмію міру намінаваўся
і папа Францішак.