2014-12-10 12:41:39

Святы Айцец напісаў ліст з нагоды правядзення Сусветнай сустрэчы сем’яў


RealAudioMP3 Францішак пацвердзіў свой удзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая пройдзе ў Філадэльфіі, у Злучаных Штатах Амерыкі, 22-27 верасня 2015 г. У сваім спецыяльным лісце да арцыбіскупа Вінчэнца Паліі, старшыні Папскай рады па справах сям’і, Пантыфік нагадаў, што місіяй хрысціянскай сям’і сёння з’яўляецца абвяшчэнне свету Божай любові. Касцёл не можа характарызаваць сям’ю з пункту гледжання ідэалагічных канцэпцый: казаць пра кансерватыўную або прагрэсіўную сям’ю, заўважыў Папа. Каштоўнасць і годнасць сям’і, яе сутнасная ісціна, падкрэсліў ён, не могуць быць аспрэчаны. Сужонкам сёння важна не “заразіцца” мірскім менталітэтам – індывідуалістычным, спажывецкім, геданічным – і верна ісці шляхам прыгажосці і радасці быцця сям’ёй.

Пантыфік спаслаўся на Сінод Біскупаў на тэму сям’і і нагадаў, што мэтай яго наступнай сесіі будзе спроба выпрацоўкі душпастырскіх прапаноў адносна сям’і ў тым сацыяльным і культурным кантэкстах, у якім яна сёння знаходзіцца. Ён заклікаў сужонкаў, святароў, парафіяльныя супольнасці, касцёльныя рухі і аб’яднанні кіравацца Божым словам у разважанні аб будучыні гэтага найважнейшага сацыяльнага інстытуту.

Францішак выказаў удзячнасць Філадэльфійскай архідыяцэзіі за жаданне прыняць форум, а яго арганізатарам удзяліў сваё апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.