Католікі з Белавежскай пушчы: мясцовыя традыцыі ўзбагачаюць Касцёл
Шарашова ў Пружанскім
раёне Брэсцкай вобласці – гарадскі пасёлак з багатай гісторыяй і традыцыямі. У гэтай
мясцовасці проста ля паселішчаў ходзяць зубры, ды і многія людзі – волаты, жывуць
па сто гадоў. Тут пачынаецца Белавежская пушча, побач – мяжа з Польшчай і Украінай.
Каталіцкая парафія Святой Тройцы з’явілася ў пасёлку яшчэ ў XVI ст., а ў канцы XIX
ст. яна налічвала амаль 3 тыс. вернікаў. Зараз жа жыве ў Шарашове каля 2 тыс. чалавек.
Цікава, што шарашоўская святыня – адна з першых у Савецкім Саюзе, была звернута католікам
у канцы 1980-х. Відаць, гэта плён таго, што ўсе 40 гадоў, пакуль касцёл быў адабраны,
вернікі маліліся пад яго мурамі, нягледзячы на забарону ўладаў.
Цяперашні пробашч
кс. Яцэк Дубіцкі распавядае, што побач у цэнтры мястэчка стаяць праваслаўная царква
і каталіцкі касцёл. І гэта не выпадковасць: традыцыі розных канфесій разам з мясцовымі
асаблівасцямі тут даўно цесна перапляліся. “Захавалася ў Шарашове і званіца былой
грэка-каталіцкай царквы, таксама раней стаяла сінагога. Усе жылі разам: праваслаўныя,
католікі і габрэі. І калі сюды прыязджаў на візітацыю Слуга Божы біскуп Зыгмунд Лазінскі,
ён спачатку звяртаўся да габрэяў на ідзіш, на рускай ці беларускай мове – да праваслаўных,
і толькі ў канцы - да католікаў”, - распавядае ў інтэрв’ю Беларускай службе Ватыканскага
радыё кс. Яцэк.
Пробашч зацікавіўся нетыповымі песнямі, якія спяваюць мясцовыя
людзі падчас розных набажэнстваў, такіх як Крыжовы шлях, а таксама на пахаваннях.
Гэта песні з мясцовай традыцыі, якія спалучыліся з каталіцтвам. “І гэта ўсё варта
запісваць. Я баюся, што калі адыдуць бабулі, моладзь не будзе нічога ведаць з гэтага”,
- дадае святар.
Якія яшчэ мясцовыя звычаі дапаўняюць каталіцкую традыцыю? Напрыклад,
у Каталіцкім касцёле не прынята адчыняць труну падчас пахаванняў на могілках, развітвацца
з нябожчыкам. А ў Шарашове так робяць, узяўшы гэта ад праваслаўных. Увогуле тут змешаны
ўсе традыцыі: і габрэйская, і ўніяцкая, і праваслаўная, і каталіцкая, і мясцовая.
Часам людзі нават не разумеюць, адкуль ідзе тая ці іншая традыцыя.
Дарэчы,
ёсць у Шарашове і адметнасць у святкаванні Божага Нараджэння. Тут ходзяць па хатах
і спяваюць не толькі калядкі, але і свае традыцыйныя спевы, праводзяць адмысловыя
абрады. Прычым ходзяць з калядкамі і шчадруюць як 25 снежня, так і 7 студзеня.
Святар
адзначыў, што ў Белавежскай пушчы ёсць мемарыял на месцы расстрэлаў грамадзянаў Польшчы
і Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, і нядаўна там паставілі побач два крыжы
– праваслаўны і каталіцкі. Таксама было праведзена адмысловае набажэнства. “Гэта радуе.
Ўсё часцей можна сустрэць месцы, дзе побач стаяць два крыжы – праваслаўны і каталіцкі.
А аднойчы быў выпадак: мяне запрасілі пахаваць жанчыну, але ў вёсцы ўсе праваслаўныя.
Пытаю: можа, вам трэба было запрасіць праваслаўнага святара? Але сваякі мне адказваюць:
не, маці была каталічкай, а бацька – праваслаўны. І яны дамовіліся, што хто першы
памрэ – на тых могілках і хаваюць. Муж памёр першым. Таму жонку таксама пахавалі на
праваслаўных могілках побач з мужам, але паводле каталіцкай традыцыі”, - распавядае
пробашч.
Гаворачы аб тым, як католікі дамагаліся вяртання мясцовай святыні,
звярталіся ў Брэст, у Маскву, ездзілі туды, святар адзначае, што ганарыцца гэтымі
людзьмі: у іх шмат чаму можна вучыцца – веры, адданасці сваім ідэалам.
Алена
Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.