2014-12-09 15:31:58

Феномен пагрозаў і дамаганняў у інтэрнэце абмеркавалі ў Ватыкане


RealAudioMP3 Аб новым феномене дамаганняў у інтэрнэце размаўлялі ў Ватыкане. 9 снежня 2014 г., з нагоды 25-годдзя Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, у Зале Друку Апостальскай Сталіцы адбылася прэзентацыя міжнароднай кампаніі пад назвай “Спыніць пагрозы ў інтэрнэце”, ініцыятарам якой выступіла Міжнароднае каталіцкае бюро па справах дзяцей. Кампанія прадугледжвае інфармаванне грамадскасці аб небяспецы феномену траўлі ў інтэрнэце, а таксама заахвочванне маладых людзей да змагання з ім. Удзельнікам ініцыятывы прапануецца падпісаць адпаведную хартыю, у якой яны абяцаюць не размяшчаць у інтэрнэце правакацыйных і абразлівых матэрыялаў пра іншых людзей, быць гатовымі паразмаўляць з дарослымі, калі сутыкнуцца з насіллем, і супрацьстаяць розным формам дамаганняў у віртуальнай прасторы.

Гэты феномен дамаганняў у інтэрнэце дапаўняе доўгі спіс іншых форм насілля, ужо знаёмых дзецям і моладзі, з жалем канстатаваў прысутны на прэзентацыі старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарксан.

Падчас прэс-канферэнцыі сваім сведчаннем падзялілася 21-гадовая францужанка Летыцыя Шанут, якая доўгі час падвяргалася дамаганням праз сацыяльныя сеткі і смс-паведамленні, што прывяло яе да глыбокай дэпрэсіі і спробы скончыць жыццё самагубствам. Людзей, якія маюць справу з падобнымі праблемамі шмат. Паводле сацыялагічных даследванняў, у 2013 г. з дамаганнямі і пагрозамі ў інтэрнэце сустракаліся каля 20 тыс. еўрапейскіх юнакоў і дзяўчат.

Дамаганні ў інтэрнэце могуць набываць розныя формы: запалохвання, пагрозаў, сексуальных дамаганняў, публікацыі прыватных фотаздымкаў ці відэаматэрыялаў ахвяры і многае іншае. Наступствы гэтага трагічныя: роспач, стрэс, адчуванне сораму, пагаршэнне паспяховасці ў школе, дэпрэсія і нават суіцыды. Часта ахвяры не адважваюцца паразмаўляць з бацькамі і перажываюць насілле, якое толькі здаецца віртуальным, у адзіноце.

Удзельнікі ватыканскай прэзентацыі адзначылі, што, каб адказаць на пагрозу насілля ў інтэрнэце бацькам неабходна праводзіць больш часу з дзецьмі, надаваць больш увагі іх выхаванню, будаванню даверлівых адносін, навучанню належным адносінам да інтэрнэту і іншых людзей. Таксама падкрэслівась неабходнасць большай увагі Касцёла да сферы адносін паміж сям’ёй і сацыяльнай камунікацыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.