Пантыфік: мы пакліканы быць святымі і беззаганнымі (поўны тэкст)
“Збаўленне даецца
бескарысліва. Мы атрымалі гэту бескарыслівасць, гэту ласку Божую і павінны падзяліцца
ёй”, сказаў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 8 снежня
2014 г. Пантыфік заклікаў вернікаў на падабенства Маці Божай адкрывацца на дзейнасць
Святога Духа і станавіцца сапраўднымі дарамі для іншых людзей. “Пасланне сённяшняй
урачыстасці Беззаганнага Зачацця Панны Марыі можна абагульніць такімі словамі: усё
з’яўляецца бескарыслівым дарам Бога і Яго любові да нас, – падкрэсліў Папа. – Анёл
Габрыэль назваў Марыю “поўнай ласкі” (Лк 1,28): у ёй няма месца граху, таму што Бог
спрадвеку выбраў яе маці Езуса і захаваў ад першароднай віны. Марыя адказала на ласку
і даверылася ёй, кажучы анёлу: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (38). Яна
не сказала: “Я зраблю паводле твайго слова”, але “няхай мне станецца”. І Слова сталася
Целам у яе ўлонні. Таксама і ад нас запатрабавана слухаць Бога, які прамаўляе і прымаць
Яго волю; паводле евангельскай логікі няма нічога больш дзейснага і плённага чым слуханне
і прыняцце слова Пана, якое паходзіць з Евангелля, Бібліі. Пан прамаўляе да нас заўсёды!
Паводзіны
Марыі з Назарэту паказваюць нам, што “быць” важней чым “рабіць”, і што неабходна “дазволіць
рабіць” Богу, каб “быць” па-сапраўднаму паводле Яго жадання. І Ён чыніць у нас шматлікія
цуды. Марыя – адкрытая, але не пасіўная. Як на фізічным узроўні, яна атрымала сілу
Святога Духа, але затым падарыла цела і кроў Сыну Божаму, які фармаўваўся ў ёй, так
на духоўным узроўні, яна прыняла ласку і адказала на яе з верай. Таму св. Аўгустын
сцвярджаў, што Панна “зачала ў сэрцы перш чым ва ўлоніі” (Прамовы, 215, 4). Яна напачатку
зачала веру, а потым Пана. Гэта таямніца прыняцця ласкі – якая ў Марыі дзякуючы выключнаму
прывілею, была без перашкоды граху – з’яўляецца магчымасцю для ўсіх. Св. Павел, пачынаў
сваё Пасланне да Эфесцаў такімі словамі праслаўлення: “Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана
нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем
на нябёсах” (1,3). Як Марыя падчас прывітання св. Альжбетай, была названа “благаслаўлёнай
між жанчынамі” (Лк 1,42), таксама і мы былі спрадвеку “благаслаўлёнымі”, гэта значыць
умілаванымі, і таму “выбранымі перад стварэннем свету, каб быць святымі і беззаганнымі”
(Эф 1,4). Марыя была захаванай, а мы збаўленымі дзякуючы хросту і веры. Усё гэта аднак
адбылося, як з ёй так і з намі, праз Хрыста, “дзеля хвалы Яго праслаўленай ласкі”
(6), той ласкі, якой Беззаганная была цалкам напоўнена.
Перад абліччам любові,
перад абліччам міласэрнасці, Божай ласкі захаванай у нашых сэрцах, на нас накладаецца
толькі адно наступства: бескарыслівасць. Ніхто з нас не можа купіць збаўленне! Збаўленне
– гэта бескарыслівы дар Пана, бескарыслівы дар Бога, які прыходзіць да нас і селіцца
ў нас. Атрымаўшы бескарысліва, мы пакліканы бескарысліва даваць (пар. Мц 10,8); на
падабенства Марыі, якая адразу пасля прыняцця навіны ад Анёла, пабегла дзяліцца дарам
плённасці са сваёй сваячкай Альжбетай. Таму, калі нам усё было падаравана – мы усё
павінны таксама падарыць. Якім чынам? Дазваляючы, каб Святы Дух зрабіў з нас дар для
іншых. Дух, гэта дар для нас, і мы праз сілу Духа павінны быць дарам для іншых. Ён
дапамагае нам стаць прыладамі гасціннасці, прымірэння і прабачэння. Калі наша жыццё
адкрыецца на перамену праз ласку Пана – таму што ласка Пана перамяняе – мы не зможам
трымаць для сябе святло, што паходзіць ад Яго аблічча, але дазволім яму выйсці і асвяціць
абліччы іншых. Будзем вучыцца ад Марыі, якая пастаянна трымала позірк на сваім Сыне
і аблічча якой стала “найбольш падобным на Хрыстовае” (Дантэ, Неба, ХХХІІ, 87). Да
яе звернемся зараз з малітвай, якая нагадвае пра абвяшчэнне Анёла.
Пасля малітвы
Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў, пажадаў вернікам
добрага свята і добрага працягу Адвэнту, пад кіраўніцтвам Панны Марыі.