Папа перад “Анёл Панскі”: мы ўсе можам абвяшчаць Божае пасланне суцяшэння (поўны тэкст)
“Мы ўсе пакліканы
суцяшаць нашых братоў, сведчыць пра тое, што толькі Бог можа ліквідаваць прычыны экзістэнцыяльных
і духоўных драм”, - сказаў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 7 снежня 2014
г. Ён заклікаў вернікаў,прысутных на плошчы св. Пятра, каб абвяшчалі пасланне суцяшэння
ўсім людзям. “Гэтая нядзеля з’яўляецца другім этапам перыяду Адвэнту – цудоўнага часу,
які абуджае ў нас чаканні на другое прыйсце Хрыста і памяць Яго гістарычнага прыйсця.
Сённяшняя літургія ўзгадвае нам пасланне поўнае надзеі. Запрашэнне Пана, якое Ён выказаў
вуснамі прарока Ісаі: “Суцешце, суцешце народ Мой! —кажа ваш Бог” ( Іс 40,1). Гэтымі
словамі адкрываецца “Кніга суцяшэння”, у якой прарок звяртаецца да народа ў выгнанні
з радасным абвяшчэннем яго вызвалення. Час смутку завершыўся; народ Ізраэля можа з
даверам глядзець у будучыню. Яго чакае, нарэшце, вяртанне на радзіму. І дзеля гэтага
людзі закліканы да таго, каб Пан іх суцяшаў.
Ісая звяртаецца да людзей, якія
прайшлі праз цёмны перыяд, якія зазналі вельмі цяжкае выпрабаванне; але зараз настаў
час суцяшэння. Месца смутку і страху заступіла радасць, таму што сам Пан будзе кіраваць
сваім народам на шляху да вызвалення і збаўлення. У які спосаб гэта зробіць? Зробіць
з турботай і пяшчотай пастыра, які клапоціцца пра свой статак. Ён сапраўды забяспечыць
адзінства і бяспеку для статка, будзе яго пасвіць, разсеяных авечак збярэ ў бяспечнай
аўчарніі, будзе звяртаць асаблівую ўвагу на найбольш уразлівых і слабых авечак. (
Іс 40,11). Такім будзе стаўленне Бога да нас, Яго стварэнняў. Таму прарок заклікае
тых, хто яго слухае – уключна з намі – распаўсюджваць сёння паміж усімі гэтае пасланне
надзеі: пасланне, што Бог нас суцяшае і стварае месца для суцяшэння, якое прыходзіць
ад Пана.
Але мы не можам быць пасланнікамі суцяшэння Бога, калі мы не будзем
самі адчуваць першымі радасць быць суцяшанымі і любымі Богам. Гэта адбываецца тады,
калі мы слухаем Яго Слова, Евангелле, якое мы павінны насіць у кішэні: не забывайма
пра гэта! Евангелле - ў кішэні ці ў сумцы, каб яго пастаянна чытаць. І гэта дасць
нам суцяшэнне: калі застаемся ў ціхай малітве ў Яго прысутнасці, калі Яго сустракаем
у Эўхарыстыі ці ў сакраманце прабачэння. Гэта ўсё нас суцяшае.
Дазволім, каб
заклік Ісаі – “Суцешце, суцешце народ Мой” – гучаў у нашых сэрцах у гэтым перыядзе
Адвэнту. Сёння нам патрэбны людзі, якія з’яўляліся б сведкамі міласэрнасці і пяшчоты
Пана, Які абуджае расчараваных, адраджае тых, хто ўпаў у роспач. Ён запальвае агонь
надзеі. Не мы. Многія сітуацыі патрабуюць нашага суцяшальнага сведчання: быць радаснымі
і суцяшаючымі асобамі. Я думаю пра тых, хто прыгнечаны пакутамі, несправядлівасцямі
і злоўжываннямі. Тых, што сталі рабамі грошай, ўлады, поспеху і славы. Бедныя, яны
маюць скажоныя суцяшэнні, не сапраўдныя, якія дае Пан. Мы ўсе пакліканы суцяшаць нашых
братоў, сведчыць пра тое, што толькі Бог можа ліквідаваць прычыны экзістэнцыяльных
і духоўных драм. Ён можа зрабіць гэта. Ён магутны.
Пасланне Ісаі, якое гучыць
у гэтую другую нядзелю Адвэнту, з’яўляецца бальзамам на нашыя раны і стымулам для
стараннай падрыхтоўкі шляхоў Пану. Прарок сапраўды гаворыць сёння да нашых сэрцаў,
каб абвясціць, што Бог забываецца на нашы грахі і нас суцяшае. Калі мы даверым сябе
Яму з пакорай і з раскаяным сэрцам, Ён абрыне муры зла, запоўніць ямы нашай бяздзейнасці,
пераломіць хрыбты ганарыстасці і пыхі і адкрые шлях да сустрэчы з Ім. Вельмі цікава,
што мы шмат разоў баімся суцяшэння, быць суцяшанымі. Наадварот мы адчуваем сябе больш
бяспечна ў смутку і болю. Ведаеце чаму? Таму, што ў смутку мы адчуваем сябе амаль
героямі. За тое ў суцяшэнні Святы Дух з’яўляецца героем! Гэта Ён нас суцяшае, Ён дае
нам мужнасць выйсці з сябе саміх. Ён вядзе нас да крыніцы сапраўднага суцяшэння, гэта
значыць да Айца. І гэта з’яўляецца навяртаннем. Калі ласка, дазвольце, каб Пан вас
суцяшаў!
Панна Марыя з’яўляецца шляхам, які сам Бог падрыхтаваў для свайго
прыходу ў свет. Даручым Ёй чаканні збаўлення і міру ўсіх мужчын і жанчын нашага часу”,-
сказаў перад марыйнай малітвай Пантыфік.
Як звычайна, пасля “Анёл Панскі” Францішак
прывітаў вернікаў, пажадаў ім добрай і спакойнай нядзелі. Папа папрасіў іх, каб не
забывалі маліцца за яго.