2014-12-06 13:49:03

Служба папскіх літургічных цэлебрацый апублікавала план мерапрыемстваў з удзелам Францішка


RealAudioMP3 На працягу бліжэйшых двух месяцаў папу Францішка чакае насычаны графік. 8 снежня 2014 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт на рымскую Іспанскую плошчу, дзе ўскладзе кветкі да скульптуры Маці Божай. 12 снежня ён узначаліць Эўхарыстыю ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі, якую будзе цэлебраваць ў базыліцы св. Пятра з нагоды свята Маці Божай Гвадэлупскай. У літургіі, якую будуць упрыгожваць творы знакамітай “Крэольскай Імшы” аргентынскага кампазітара Арыэля Рамірэса, прымуць удзел шматлікія іерархі з лацінаамерыканскага рэгіёна, паведамілі ў Службе папскіх літургічных цэлебрацый.

У Трэцюю нядзелю Адвэнту, 14 снежня, Пантыфік наведае рымскую парафію св. Юзафа у раёне Аўрэліа, на захадзе гораду. Вігілійная св. Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны дзень, у 12.00, Францішак па традыцыі ўдзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і свету) і звернецца са сваім пасланнем.

Вечарам 31 снежня Папа ўзначаліць святочнае набажэнства на заканчэнне года. Пантыфік будзе целебраваць св. Імшы 1 студзеня 2015 г, у Сусветны дзень міру, 6 студзеня – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, і 11 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле. Падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.

12-19 студзеня 2015 г. адбудзецца апостальскае падарожжа Святога Айца ў Шры-Ланку і на Філіпіны, а 25 студзеня ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі ён узначаліць малітву Нешпараў з нагоды ўрачыстасці навяртання Апостала Народаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.