2014-12-05 12:16:15

Францішак звярнуў увагу на праблему жаночай занятасці


RealAudioMP3 “Будучыня чалавецтва праходзіць праз сям’ю, таму ёй трэба дазволіць адыгрываць ролю, якую яна заслугоўвае”, - напісаў Папа ў сваім пасланні да арганізатараў і ўдзельнікаў Фестывалю сям’і, які праходзіць у італьянскім Рыва-дэль-Гарда, у рэгіёне Трэнціна, на тэму “Экасістэма жыцця і дзейнасці. Занятасць жанчын і нараджальнасць, росквіт і эканамічны рост”. На думку Святога Айца, трэба не толькі адстойваць правы сям’і, але і падумаць над тым, як сумясціць ролю сям’і з інтарэсамі грамадства, у прыватнасці, у дачыненні да ўзаемасувязі паміж працай і сямейным жыццём. Таксама сённяшнія дэмаграфічныя тэндэнцыі павінны мабілізаваць усе зацікаўленыя бакі да надзвычайных і смелых стратэгій на карысць сям’і, лічыць Францішак. Ён перакананы, што менавіта ад гэтага трэба пачынаць аднаўленне эканомікі краіны. З гэтага пункту гледжання, перакананы Пантыфік, неабходна перагледзець і вырашыць “трагедыю беспрацоўя”, асабліва сярод моладзі. “Адсутнасць працы прыніжае чалавека, які адчувае сябе бескарысным ў сваіх уласных вачах, і збядняе грамадства, якое пазбаўлена ўкладу сіл сапраўдных і здольных”, - заўважыў ён і дадаў, што, “у прыватнасці, увага павінна быць нададзена жаночай занятасці”, бо “многія жанчыны адчуваюць неабходнасць больш шырокага прызнання ў сваіх правах”. Перш за ўсё, павінны ўлічвацца “абавязацельствы жанчын на ўсіх узроўнях сямейнага жыцця”, якія ўяўляюць сабой беспрэцэдэнтны ўклад у будучыню грамадства.

Папа пажадаў, каб Фестываль прынёс жаданыя вынікі ў выглядзе разумення і вырашэння праблем сям’і.







All the contents on this site are copyrighted ©.