2014-12-05 10:39:16

Сінод Біскупаў: падрыхтоўчы дакумент у форме анкеты


RealAudioMP3 Падрыхтоўчы дакумент (Lineamenta) наступнага Сінода Біскупаў, які пройдзе ў Ватыкане восенню 2015 г., будзе насіць форму пытанняў, прызнаўся генеральны сакратар асамблеі, кардынал Ларэнца Балдзісэры. Ён паведаміў, што такое рашэнне прыняў папа Франішак падчас лістападаўскага пасяджэння Звычайнай рады Сакратарыяту Сінода. Апытальнік будзе заснаваны на заключнай справаздачы сёлетняй пазачарговай сесіі. “Мы запытаемся ўсе біскупскія канферэнцыі, дыяцэзіі, парафіі пра тое, як была прынята заключная справаздача пазачарговага Сінода. У той жа час, мы папросім паглыблення пытанняў, якія абмяркоўваліся – усіх, але асабліва тых, якія патрабуюць больш стараннага абмеркавання”, - сказаў кардынал Балдзісэры. Ён дадаў, што ад епіскапатаў будзе залежаць спосаб працы па пытаннях, бо размова ідзе пра тое, каб адказы “паходзілі з нізоў”, ад сем’яў ва ўсім свеце, якіх тычыцца тэматыка дыскусій у рамках Сінода.

Звычайная агульная асамблея Сінода Біскупаў пройдзе ў Ватыкане 4-15 кастрычніка 2015 г. на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і ў сучасным свеце”. Яна стане працягам сёлетняй пазачарговай сесіі, што прайшла ў кастрычніку, на якой абмяркоўваліся “Душпастырскія выклікі для сям’і ў кантэксце новай евангелізацыі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.