2014-12-05 15:20:47

Першае адвэнтавае казанне айца Канталамесы: спакой як дар Бога ў Езусе


RealAudioMP3 Калі б сёння можна было пачуць шчыры крык мільярдаў сэрцаў, то мы пачулі б на розных мовах адно слова: спакой! Балючая актуальнасць праблемы спакою ў свеце разам з неабходнасцю вярнуць гэтаму слову багацце значэння, якое яму надаецца ў Бібліі, падштурхнула прапаведніка Папскага дому айца Раньера Канталамесу абраць спакой тэмай свайго першага адвэнтавага казання. Айцец Канталамеса памятае той дзень, калі скончылася Другая сусветная вайна. Крыкі: “Перамір’е! Мір!” Гэта быў канец кашмару, страху, бамбардаванняў, голаду. Штосьці падобнае павінны былі адчуваць людзі, якія пачулі словы св. Паўла: “Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога, дзякуючы веры, мы атрымалі доступ да той ласкі, у якой трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую.” (Рым. 5, 1-2). Для чалавецтва пачалася новая эра ў адносінах з Богам.

Што ж адбылося, што так змяніла адносіны паміж чалавекам і Богам? Банальны, але зразумелы прыклад – спадарожнікавы навігатар у аўтамабілі. Калі кіроўца не прытрымліваецца ўказанняў навігатара, напрыклад, зварочвае не ў той бок, навігатар выдае новы маршрут, які дазваляе кіроўцу дасягнуць жаданага месца прызначэння. Гэтак жа зрабіў з чалавекам і Бог, даўшы яму новы план збаўлення. Спачатку Ён заключыў “сепаратны мір” з асобнымі людзьмі: Ноем, Аўраамам, Якавам; потым, праз Майсея з усім Ізраілем. Але Ён – Бог усяго чалавечага роду, і вось прарокі пачынаюць казаць пра “новы і вечны запавет” для ўсіх людзей. Вешчуны аб’яўляюць нараджэнне Езуса словамі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі”. (Лук, 2, 14). Сам Езус сцвярджае што прыйшоў на зямлю, каб прынесці людзям спакой Боскі: шалом! Гэты спакой дае нам апраўданне паводле веры, а апраўданне даецца нам дзякуючы ахвяры Хрыста на крыжы.

Крыніцай спакою з’яўляецца Тройца. Амаль усе політэістычныя рэлігіі кажуць пра суперніцтва багоў. Грэцкая міфалогія – самы знакаміты прыклад. У абсалютным монатэізме таксама цяжка казаць пра Бога як крыніцу і мадэль спакою. Спакой, як і любоў, можа існаваць толькі паміж дзвюма асобамі. Гэта прыгожыя адносіны, адносіны любові, і Троіца – якраз такія адносіны прыгажосці, хараства і дасканаласці. Гледзячы на абраз Тройцы Андрэя Рублёва мы адчуваем звышчалавечы спакой, які зыходзіць ад яе.

Гэты дар спакою павінен змяніць нашы адносіны з Богам. Айцец Канталамеса лічыць адной з прычын аддалення сучаснага чалавека ад веры, няправільнае ўяўленне пра Бога, якое склалася ў людзей. Як выява Бога ў Сікстынскай капэле была ачышчана ад налёту падчас рэстаўрацыі, так і нашаму ўяўленню пра Бога патрэбна тэрміновая рэстаўрацыя. Падсвядома Бог атаясамліваецца ў нас з чымсьці непрыемным, сумным, чымсьці, што абмяжоўвае нашу свабоду і развіццё. Гэткая найвышэйшая усёмагутная істота, уладар часу і гісторыі, ад якога не схаваецца ніводная дэталь чалавечага жыцця. Парушэнне яго закона выклікае ў чалавеку страх смерці і Апошняга суда. Але Евангелле вучыць нас па-новаму глядзець на Бога: як на Бога любові, міласэрнасці і спачування, сказаў 5 снежня 2014 г. у Ватыкане айцец Канталамеса.








All the contents on this site are copyrighted ©.