2014-12-05 12:46:59

Папа прыняў дэлегацыю Міжнароднай тэалагічнай камісіі


RealAudioMP3 5 снежня 2014 г. папа Францішак сустрэўся з членамі Міжнароднай тэалагічнай камісіі, якая была створана па прапанове Сінода Біскупаў неўзабаве пасля II Ватыканскага Сабора. Яе місія – “вывучаць найважнейшыя праблемы дактрыны Касцёла, асабліва яе новыя аспекты”, нагадаў Пантыфік і дадаў, што, 26 апублікаваных камісіяй дакументаў служаць пацвярджэннем гэтага і арыенцірам для тэалагічных дэбатаў. Святы Айцец падкрэсліў, што служэнне Касцёлу патрабуе ад тэолагаў не толькі інтэлектуальнай кампетэнтнасці, але і духоўных рысаў. Да апошніх ён аднёс здольнасць слухаць. На думку Францішка, тэолаг – гэта, у першую чаргу, вернік, які слухае Боскае слова і прымае яго сэрцам і розумам. Але тэолаг павінен таксама быць уважлівым да розных праяўленняў веры Божага народа, трымаць вочы і вушы адкрытымі да “знакаў часу”. У гэтай сувязі Папа адзначыў больш значную прысутнасць жанчын у складзе камісіі. Па яго словах, гэта прысутнасць прапануе задумацца аб тым, якую ролю адыгрываюць жанчыны ў галіне тэалогіі.

Пантыфік падкрэсліў таксама такую характэрную рысу камісіі, як яе міжнародны аспект, уласцівы і ўсяму Каталіцкаму Касцёлу. Ён адзначыў, што разнастайнасць пунктаў гледжання павінна ўзбагачаць каталіцтва, не наносячы шкоды яго адзінству. Адзінства каталіцкіх тэолагаў засноўваецца на адзінай веры ў Хрыста і падтрымліваецца разнастайнасцю дароў Святога Духа, нагадаў Пантыфік. У канцы сустрэчы ён удзяліў тэолагам сваё благаслаўленне і папрасіў іх маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.