2014-12-05 11:10:11

Ватыканскія фінансы значна больш “здаровыя”, чым здавалася на першы погляд


RealAudioMP3 Фінансавая сітуацыя Ватыкана і Святога Пасада не настолькі складаная, як уяўлялася раней, захоўваецца поўная плацежаздольнасць, дзякуючы “істотным актывам і інвестыцыям”, паведаміў кардынал Джордж Пэл, прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях. “Мы выявілі некалькі сотняў мільёнаў еўра, не ўключаных у баланс ватыканскіх фінансаў”, - прызнаўся іерарх у артыкуле, апублікаваным у брытанскім часопісе “Catholic Herald”. Па яго словах, фінансы Апостальскай Сталіцы значна больш “здаровыя”, чым здавалася на першы погляд.

Трэба нагадаць, што апошні агульны баланс Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан з 2013 г. паказаў плюс у 10 мільёнаў еўра.

Кардынал выказаў здагадку, што на працягу стагоддзяў нядобрасумленныя асобы выкарыстоўвалі фінансавую наіўнасць і працэдуры Ватыканы, заснаваныя на даверы. Цяпер, аднак, новая структура і метад арганізацыі ўводзяць ватыканскія фінансы ў ХХІ стагоддзе, што звязана з іх адкрытасцю і поўнай справаздачнасцю. Касцёл бедных не павінен быць “бедна” кіраваны, лічыць прэфект.

Ён адзначыў важную ролю свецкіх спецыялістаў у рэформе фінансавай сістэмы Ватыкана і прызнаўся, што ў 2015 г. будзе прызначаны генеральны аўдытар, якім будзе свецкая асоба. Ён будзе падлягаць непасрэдна Пантыфіку і зможа ў любы час здзяйсняць аўдыт кожнай установы Святога Пасаду.

Новы пакет фінансавых і бухгалтарскіх працэдур, уведзены ў лістападзе гэтага года ў Ватыкане, можа стаць прыкладам для выкарыстання ва ўсім Касцёле, перакананы кардынал Пэл.







All the contents on this site are copyrighted ©.