2014-12-05 10:57:41

Ватыканскі дыпламат у ААН: сям’я – здабытак усяго чалавецтва


RealAudioMP3 4 снежня 2014 г. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у Пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі, прысвечаным 20-й гадавіне Міжнароднага года сям’і. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выказаў спадзяванне, што форум будзе садзейнічаць прызнанню ролі сям’і падчас распрацоўкі і ажыццяўлення Мэтаў устойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 г. Іерарх адзначыў, што сям’я – гэта найважнейшы “нематэрыяльны набытак” грамадства і дзяржавы. Яе ўклад у дзяржаўнае і грамадскае жыццё не паддаецца грашоваму вымярэнню. Сям’я будзе заўсёды мець важнейшае значэнне ў прадухіленні канфліктаў, будаванні міру, развіцці сельскай гаспадаркі, прафілактыцы злачыннасці, ахове навакольнага асяроддзя, дасягненні харчовай бяспекі, выкараненні беднасці і ахове здароўя грамадства. Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што моцная і адказная сям’я спрыяе росту і развіццю новых пакаленняў, клапоціцца пра слабых членаў грамадства: хворых, пажылых і маргіналізаваных. Па словах папы Францішка, сям’я – гэта фундаментальны слоўп грамадства, “падмурак суіснавання і гарантыя абароны ад сацыяльнай фрагментацыі”.

На жаль, заўважыў прадстаўнік Ватыкана пры ААН , “сем’і рэдка знаходзяцца ў цэнтры ўвагі асноўных стратэгічных ініцыятыў. Сацыяльная палітыка скарэй накіравана на дапамогу асобным жанчынам і дзецям, чым усёй сям'і ў цэлым”. На тое маюцца адпаведныя прычыны, аднак комплексны падыход да праблемаў сям’і мог бы даць вялікія вынікі і ў змаганні з насіллем адносна жанчын і дзяўчынак, з іх дыскрымінацыяй, а таксама ў абароне і пашырэнні правоў жанчын і дзяцей. Даследаванні паказваюць, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса, што ў стабільных сем’ях адзначаецца больш нізкі ўзровень хатняга насілля, псіхічных захворванняў і алкагалізму. Дзеці, якія растуць у такіх сем’ях, меньш схільныя да алкагалізму, наркаманіі і псіхічных захворванняў, маюць ніжэйшы ўзровень злачыннасці і больш высокую паспяховасць.

Распад сем’яў у многіх выпадках прыводзіць да фемінізацыі беднаты і запавольвае развіццё дзяцей. “Сям’я – гэта незаменны, натуральны і антрапалагічны здабытак чалавецтва”, - перакананы пурпурат. Ён заклікаў усе міжнародныя і дзяржаўныя інстытуты, а таксама грамадзянскі сектар рэалізоўваць палітыку, накіраваную на падтрымку і пашырэнне магчымасцяў сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.