2014-12-04 14:24:10

Разглядаецца магчымасць аб’яднання ватыканскіх дыкастэрый


RealAudioMP3 “У Ватыкане будзе менш кардыналаў. Вывучаецца таксама магчымасць рэформы Дзяржсакратарыяту”, - адзначыў кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, каардынатар Рады па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі. У інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-парталу “Vatican Insider” пурпурат адзначыў, што, нягледзячы на адсутнасць заўважальных знешніх вынікаў рэформы, яна працягваецца. Першым крокам у гэтым напрамку ён назваў стварэнне Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, праца над чым вялася на працягу некалькіх сустрэч Рады. “Не вельмі заўважныя знешнія плёны, але ўнутры ажыццяўляюцца вялікія перамены: зараз кожная дыкастэрыя павінна прадставіць свой бюджэт, які будзе публічным”, - сказаў іерарх.

Гаворачы пра працу ватыканскіх СМІ, кардынал адзначыў, што ў гэтай сферы прысутнічаюць праблемы эканамічнага характару. “Нялёгка ўтрымліваць выдаткі без паступленняў ад рэкламы. Як вядома, існуе спецыяльная камісія прызначаная Папам, якая занята вывучэннем сітуацыі. Гэта не проста, таму што існуе шмат супрацоўнікаў, шмат розных моваў, неабходнасць вялікіх інвестыцый для трансляцый на кароткіх хвалях”, - адзначыў ён, гаворачы ў прыватнасці пра Ватыканскае радыё.

Кардынал Марадзьяга пацвердзіў, што, хутчэй за ўсё, рэформа курыі будзе прадугледжваць аб’яднанне некаторых Папскіх радаў у Кангрэгацыі. Напрыклад, Рады па справах свецкіх, сям’і, мігрантаў і падарожнікаў, па душпастырстве працаўнікоў сферы аховы здароўя, “Cor Unum” i “Iustitia et pax” могуць быць аб’яднаны ў дзве Кангрэгацыі – па пытаннях свецкіх вернікаў і дабрачыннасці. Пурпурат расказаў, што ўзначальваць асобныя дыкастэрыі не абавязкова будуць кардыналы ці біскупы. Напрыкалад, пытаннямі сям’і магла б займацца сужэнская пара, а мігрантаў – законніца з неабходнымі ведамі і здольнасцямі. Кардынал лічыць таксама, што было б рацыянальна аб’яднасць усе судовыя структуры Рымскай курыі ў адзін орган па касцёльнаму заканадаўству, пад кіраўніцтвам адной асобы.

Рэформа чакае таксама і Дзяржсакратарыят. На наступным пасяджэнні Рады па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам кардынал Пьетра Паралін павінен прадставіць яе праект, падзяліўся кардынал Марадзьяга. Галоўная мэта рэформы – рацыяналізацыя і спрашчэнне працы Рымскай курыі, што, на яго думку, паспрыяе большай калегіяльнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.