2014-12-04 11:56:33

Папа пра “святых паўсядзённасці”


RealAudioMP3 Ёсць шмат “схаваных” святых: мужчын і жанчын, бацькаў і маці, хворых, святароў, якія практыкуюць штодня любоў Езуса, і гэта дае надзею, сказаў 4 снежня 2014 г. падчас сваёй гаміліі на ранішняй Эўхарыстыі папа Францішак. Хрысціянін – гэта той, хто ажыццяўляе Божае слова, а не проста дэкларуе, што ён вернік. Пантыфік звярнуў увагу на існаванне “ілюзорных хрысціян”. Ён параўнаў іх паставу да макіяжу, які сыходзіць падчас першага ж дажджу. Не дастаткова належаць да каталіцкай сям’і ці асацыяцыі або быць дабрадзеем, трэбы выконваць Божую волю, падкрэсліў ён. Ад “ілюзорных хрысціян”, якія часта знаходзяцца навідоку, абсалютна адрозніваюцца “ціхія святыя”, заўважыў Францішак. Да іх, паводле яго, адносяцца хворыя дзеці, якія ахвяруюць свае пакуты за Касцёл і іншых; пажылыя людзі, што жывуць у адзіноце молячыся і церпячы; маці і бацькі, якія клапоцяцца пра свае сем’і праз выхаванне дзяцей, паўсядзённую працу, пераадоленне праблем, пакладаючы надзею на Езуса. Гэта “святыя паўсядзённасці” – назваў іх Пантыфік. Такімі ён лічыць таксама шматлікіх святароў, якія не выстаўляюць сябе на паказ, але працуюць у парафіях з вялікай любоўю.

Перамогу атрымаюць не пыхлівыя і ілюзорныя хрысціяне, падкрэсліў Папа, але ўбогія духам і сціплыя. Ён запрасіў сабраных у капліцы Дому св. Марты падчас падрыхтоўкі да Хрыстовага Нараджэння клапаціцца пра моцны фундамент свайго жыцця, якім з’яўляецца Бог. “Мы ўсе грэшнікі, мы слабыя, але калі мы пакладаем надзею на Яго, мы можам ісці наперад. І гэта радасць хрысціяніна, ведаць, што ў Богу ёсць надзея, ёсць прабачэнне, ёсць спакой, ёсць радасць”, - сказаў Францішак і заклікаў ніколі не ставіць у жыцці на рэчы, якія “сёння ёсць, а заўтра знікнуць”.







All the contents on this site are copyrighted ©.