Вера – дар Божы і
таямніца, яна мае шмат вымярэнняў. Глыбіня яе ва многім залежыць ад нас, ад таго,
наколькі мы гатовыя сёння прыняць ад Бога яго дар. “Памнож у нас веру!”, - прасілі
ў Хрыста апосталы. У гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці традыцыйна ў кастрычніку-снежні
“вучацца” веры – больш за 20 год у касцёле па панядзелках праходзяць сустрэчы “Школы
веры” для дарослых і моладзі. Як тлумачыць пробашч кс. Славамір Ласкоўскі, сустрэчы
ладзяцца па той прычыне, што большасць парафіян – або так званыя неакатолікі або тыя,
хто быў ахрышчаны ў дзяцінстве, але ніколі не меў зносін з Касцёлам, бо тут яго не
было доўгія гады.
“Школа веры” – для таго, каб закласці першыя фундаменты,
каб чалавек, які прыходзіць у касцёл, атрымаў азбуку хрысціянскага жыцця. Гэта азбука
– не толькі багаслоўскія нюансы, не толькі біблійная гісторыя, мараль, літургія. Перш
за ўсё, задума “Школы веры” у тым, каб чалавек мог адкрыць сэрца для Бога і зразумець,
якая Божая задума ў дачыненні да яго жыцця: навошта яму быць вернікам, навошта хадзіць
у касцёл. Вера - гэта насамрэч дар, бо многія, хто прыходзіць да мяне, робяць гэта
ўпершыню, я з імі ніколі не сустракаўся раней, я нават іх не запрашаў на “Школу веры”.
Значыць, іх запрасіў сам Бог праз іншых вернікаў, свецкіх, якія жывуць у Гомелі, працуюць
разам, сустракаюцца з гэтымі людзьмі”, - сказаў кс. Славамір у інтэрв’ю Беларускай
рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Такім чынам, значную частку тых, хто прыходзіць
на “Школу веру”, прыцягнула жывое сведчанне сучасных католікаў – Бог натхняе іх сэрцы:
ідзі, шукай!
На думку гомельскага пробашча, “Школа веры” – лепшая форма ўводзін
чалавека ў касцёльнае жыццё: маленькімі крокамі наперад. Некаторых святар нават не
запрашае адразу на нядзельную св. Імшу, бо разумее: для чалавека патрэбны час, каб
ён пакрысе ўзрастаў, як дзіця ва ўлонні маці. Ён запрашае на катэхезы для дарослых
і моладзі ў ключы неакатэхуменальных суполак. І пасля гэтых катехез чалавек сам вырашае:
ці працягвае шлях у суполцы, ці ўваходзіць у жыццё парафіі і рыхтуецца да сакрамэнтаў.
19-гадовая
Вольга з Астраўца, якая вучыцца ў Гомелі, патрапіла ў “Школу веры”, калі прачытала
інфармацыю аб ёй на парафіяльным сайце. Дзяўчына шмат думала, пайсці ці не, і калі
вырашыла пайсці, не пашкадавала: “Пачала задумвацца пра Бога, пра сваё прызначэнне,
пра гэта шмат гавораць на занятках. Таксама слухаем урыўкі з Бібліі, разважанні святара
аб прымяненні Слова ў паўсядзённым жыцці, на канкрэтных прыкладах пачынаеш задумвацца
аб сваёй веры, хочаш яе ўдасканальваць і даведваешся, як гэта лепш зрабіць, як выконваць
волю Бога”, - адзначыла маладая гомельская парафіянка.
39-гадовы Мікалай даведаўся
пра “Школу веры” пры наведванні нядзельнай св. Імшы ў касцёле: “Бывае, што дома часу
не хапае пачытаць Біблію, а тут яна абмяркоўваецца, разглядаюцца цікавыя моманты аб
веры, тлумачэнне Святога Пісання”.
79-гадовая Лідзія наведвае касцёл ужо каля
15 гадоў, але толькі цяпер вырашыла пайсці ў “Школу веры”: “Я хачу прылучыцца да веры,
таму хачу глыбей даведацца пра ўсё тое, што тут кажуць. Пачалі з чалавека грэшнага,
ён ідзе з грахом, але побач з ім Бог. І ён пачынае верыць, глыбока разумець, што Бог
яму дапамагае”.
На думку гомельскага пробашча, “Школа веры” – гэта найлепшы
спосаб набываць дар жыцця з Езусам, і заўсёды прапануе такі варыянт кожнаму, хто прыходзіць
у парафію, у тым ліку маладым, якія прыйшлі браць шлюб. Бо тады шмат пытанняў здымаецца,
Бог усё ставіць на свае месцы, і чалавеку куды прасцей рашыцца на тое, каб рэгулярна
па нядзелях прыходзіць у храм, будаваць асабістыя адносіны з Богам.
Павел
Міцкевіч, Алёна Германовіч, Пінская дыяцэзія.