2014-12-01 12:02:54

Святы Айцец: вайна не вырашае праблем, а заўсёды стварае новыя


RealAudioMP3 Вайна – гэта заўсёды зло, якое ніколі не вырашае праблем, але заўсёды стварае новыя, сказаў папа Францішак 30 лістапада 2014 г, падчас апошняга пункту свайго апостальскага падарожжа ў Турцыю – сустрэчы з маладымі бежанцамі. У спатканні з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 50 мусульманскіх і хрысціянскіх юнакоў і дзяўчат з Сірыі і Іраку, а таксама некаторых рэгіёнаў Турцыі. Усе яны знайшлі прытулак у салезіянскім араторыі, які дзейнічае пры стамбульскім катэдральным касцёле. Францішак чарговы раз звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам не адносіцца з абыякавасцю да ўмоваў, у якіх вымушаны жыць бежанцы, пакласці канец прычынам, што прымушаюць людзей пакідаць свае дамы і блізкіх і ствараць умовы для вяртання тых, хто пакінуў радзіму. “Я звяртаюся да палітычным лідэраў, каб лічыліся з тым, што вялікая большасць іх народаў жадае міру, нават калі часам больш не мае сілы і голасу, каб прасіць аб ім!”, сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў маладых бежанцаў не трапляць у роспач, і з Божай дапамогай працягваць спадзявацца на лепшую будучыню, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, на якія вымушаны адказваць зараз.

Перш чым накіравацца ў аэрапорт, каб вярнуцца ў Рым, Пантыфік здзейсніў нечаканы візіт у адну са стамбульскіх бальніц, каб наведаць там цяжка хворага Армянскага Патрыярха Стамбульскага і ўсёй Турцыі Месроба ІІ.









All the contents on this site are copyrighted ©.