Папа распавёў пра перспектывы адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой
Падчас пералёту са
Стамбула ў Рым, пасля апостальскага візіту ў Турцыю, папа Францішак па традыцыі паразмаўляў
з журналістамі, якія суправаджалі яго на борце самалёта. Адно з пытанняў тычылася
перспектываў адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой. Папа
сказаў, што скептычна адносіцца да тэалагічнага дыялогу, які на яго думку, не прывядзе
да жаданай еднасці. У сувязі з гэтым ён ўзгадаў пра Афінагора I які з іроніяй прапаноўваў
Паўлу VI пакінуць усіх тэолагаў на востраве, каб яны разважалі аб адзінстве, а самім
крочыць далей. “Адзінства – гэта шлях. Шлях, якім неабходна ісці. Шлях, якім трэба
ісці супольна. Гэта духоўны экуменізм: маліцца разам, працаваць разам... шмат спраў
міласэрнасці, ёсць шмат працы... вучыць разам... Ісці наперад разам”, - сказаў Францішак.
Ён адзначыў таксама каштоўнасць экуменізму крыві. Хрысціянскія мучанікі, незалежна
ад іх канфесійнай прыналежнасці, нібыта кажуць: “Мы ўсе адно. Мы ўжо прабываем у адзінстве,
па духу і па крыві”, перакананы Папа.
Святы Айцец адзначыў, што ў любы момант
гатовы сустрэцца з Патрыярхам Кірылам, і падобнае жаданне, на яго думку, існуе таксама
з іншага боку. “Мы абодва жадаем сустрэцца і хочам крочыць наперад”, сказаў Пантыфік.
Ён выказаў гатоўнасць працягваць абмяркоўваць пытанне аб першаснасці Біскупа Рыма,
каб знайсці ў гэтым пытанні кропкі пагаднення.
Адказваючы на пытанне пра ісламафобію,
якая пашыраецца ў свеце, Святы Айцец падкрэсліў, што “Каран – гэта кніга міру”, а
іслам нельга атаясамліваць з тэрырызмам. Адначасова Папа адзначыў патрэбу ў асуджэнні
дзейнасці ісламскіх фундаменталіскіх груповак мусульманскімі лідэрамі, як палітычнымі
і навуковымі, так і рэлігійнымі.
Папа прызнаўся, што з задавальненнем наведаў
бы Ірак, але зараз, на яго думку, гэта немагчыма. “Я, калі б паехаў туды ў гэты момант,
стварыў б дастаткова сур’ёзныя праблемы для ўладаў, звязаныя з бяспекай”, сказаў ён.
Францішак
у чарговы раз асудзіў “квітнеючы” сёння гандль зброяй. Ён выказаў сумнівы пра магчымасць
вытворчасці хімічнай зброі ў Сірыі і задаўся пытаннем: хто мог прадаць яе? “Магчыма
хтосьці з тых, хто абвінавачваў у валоданні ёй? Не ведаю. Але наконт гэтых справаў
са зборояй існуе вялікая таямніца”, - сказаў папа Францішак.