2014-11-28 13:28:54

Францішак пачаў падарожжа ў Турцыю


RealAudioMP3 Папа Францішак пачаў свой трохдзённы апостальскі візіт у Турцыю. Самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце “Эсэнбога” ў Анкары каля 13.00 па мясцовым часе, 28 лістапада 2014 г. Святога Айца сустракалі прадстаўнікі ўраду і сталічнай адміністрацыі. Пасля кароткай цырымоніі прывітання ён накіраваўся ў першы пункт свайго візіту – маўзалей першага Прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Мустафы Кемаля Атацюрка. Наведванне гэтага месца з’яўляецца традыцыйным для высокіх гасцей краіны. Каля магілы турэцкага палітыка, рэфарматара і дзяржаўнага дзеяча Пантыфік усклаў квяточны вянок і на момант спыніўся ў маўчанні. Пасля гэтага ён зрабіў запіс ў кнізе ганаровых гасцей. Францішак пажадаў, каб Турцыя, якая з’яўляецца “натуральным мастом паміж двума кантынентамі была не толькі скрыжаваннем шляхоў, але таксама месцам сустрэчы, дыялогу і спакойнага суіснавання паміж людзьмі добрай волі кожнай культуры, народнасці і рэлігіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.