Пантыфік заклікаў пазбягаць сапсутасці і самаўпэўненасці
Нават перад абліччам
цяжкасцяў хрысціянін не павінен трапляць у роспач, але жыць з надзеяй, адзначыў папа
Францішак 27 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дому
св. Марты. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над вобразамі двух гарадоў – Вавілона
і Ерузалема. Іх падзенне, паводле Святога Айца, адбылося па двух розных прычынах.
Вавілон – гэта сімвал зла і граху. Гэты горад адчуваў сябе самым важным у свеце, а
яго жыхары былі сапсутыя і самаўпэўненыя, падкрэсліў Францішак. Сапсутасць і сёння
прыносіць людзям адчуванне шчасця, улады і задаволенасці самімі сабой. Яна не пакідае
месца для Бога і навяртання і звязана з язычніцкім духам гэтага свету, адзначыў Пантыфік.
Ерузалем, у сваю чаргу, характарызаваўся закрытасцю на прыход Пана. Ён жыў паводле
рэлігійных правілаў і быў гэтым задаволены, не адчуваў патрэбу ў збаўленні. Пан стукаў
у яго дзверы, але не было гатоўнасці прыняць Яго, выслухаць, адкрыцца на збаўленне,
сказаў Папа.
Прыклады гэтых двух гарадоў, на думку Францішка, павінны дапамагчы
ў разважанні над жыццём сучасных вернікаў: можа мы падобныя на “сапсуты і самадастатковы
Вавілон” або на “няўважлівы” Ерузалем?
Паводле Францішка, пасланне Касцёла
адносна падзення Вавілона і Ерузалема, не абмяжоўваецца толькі фактам іх знішчэння,
але з’яўляецца таксама заклікам да надзеі. Ён запрасіў рыхтавацца да сустрэчы з Панам,
нягледзячы на грахі, пакуты, нянавісць, войны, сапсутасць і марнасць, прысутныя ў
сённяшнім свеце.