2014-11-27 11:47:40

25-годдзе гістарычнай сустрэчы Яна Паўла II і Міхаіла Гарбачова


RealAudioMP3 25 гадоў таму, 1 снежня 1989 г. папа Ян Павел II прыняў у сябе Міхаіла Гарбачова, які стаў першым савецкім лідэрам, што прыбыў з афіцыйным візітам у Ватыкан. Сустрэча насіла афіцыйны характар, але стала нечым большым, чым проста прыватнай аўдыенцыяй, хоць не мела статусу дзяржаўнага візіту, паколькі тады Савецкі Саюз і Святы Пасад не падтрымлівалі дыпламатычных адносін. І таму, вядома, не было ніякага афіцыйнага прывітання і разам не віселі савецкі і ватыканскі сцягі. Але тонкасці пратакола не пашкодзілі гістарычнаму значэнню сустрэчы. Вышэйшы прадстаўнік ваяўнічай атэістычнай ідэалогіі аказаў пашану Папе, які нястомна асуджаў камунізм як прадукт зла.

Сустрэчы папярэднічала прызначэнне ў сакавіку і ліпені 1989 г. Янам Паўлам II каталіцкіх біскупаў у тады яшчэ савецкіх рэспубліках Літве і Беларусі. Хутка пасля гэтага ў СССР быў прыняты новы закон аб свабодзе рэлігіі. Пазней, пасля распаду Савецкага Саюза ў 1991 г., Святы Айцец наведаў большасць былых савецкіх рэспублік, якія ў той час былі свабоднымі і незалежнымі дзяржавамі. Але візіт у Маскву так і не адбыўся.

Трэба адзначыць, што ў наступныя гады Гарбачоў і Ян Павел II утрымлівалі амаль сяброўскія адносіны. Былы савецкі лідэр быў частым госцем у Ватыкане.







All the contents on this site are copyrighted ©.