2014-11-26 11:39:30

Францішак даў прэс-канферэнцыю на борце самалёта


RealAudioMP3 “Ідэнтычнасць народаў з’яўляецца евангельскай каштоўнасцю”, - лічыць Святы Айцец. 25 лістапада 2014 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху са Страсбурга ў Рым ён паўтарыў сваю думку з выступленняў перад Еўрапарламентам і Саветам Еўропы. Францішак растлумачыў, што ён супраць атаясамлення яго з тымі ці іншымі палітычнымі паняццямі: тое, што ён кажа, паходзіць з Евангелля і сацыяльнага навучання Касцёла. Мы ніколі не павінны стамляцца будаваць масты паміж людзьмі і ўсталёўваць і падтрымліваць дыялог са светам, нават калі гэта здаецца немагчымым, сказаў Папа, адказваючы на пытанні журналістаў, што стала ўжо традыцыяй пасля заканчэння яго замежных падарожжаў.

Францішак паўтарыў сваю думку пра важнасць прыходу новых пакаленняў палітыкаў. Маладыя палітыкі, на яго думку, “не баяцца зыходзіць з уласнага “я”, не адмаўляюцца ад яго”, наадварот, яны смела ідуць на дыялог. І ў гэтым з іх варта браць прыклад. У палітыцы патрэбны таксама дыялог паміж пакаленнямі, перакананы Святы Айцец. Магчыма, гэта дапаможа пераадолець расчараванне еўрапейцаў.

Папа яшчэ раз выказаў сваю заклапочанасць ростам міжнароднага тэрарызму, асабліва ў кантэксце пагроз з боку Ісламскай дзяржавы. Ён сказаў, аднак, што ніколі не губляе надзею нават, калі здаецца, што няма ніякіх шанцаў для дыялогу. Па словах Папы, тэрарызм з’яўляецца толькі адной з пагроз, іншая трывожная з’ява: сучаснае рабства, гандаль людзьмі, дзецьмі. “Гэта трагедыя, і мы не можам заплюшчваць на гэта вочы!”, - сказаў ён і дадаў, што ў разам з тэрарызмам, які ажыццяўляецца асобнымі групоўкамі, ёсць і яшчэ адзін, за якім стаяць дзяржавы. Кожная краіна адчувае права на падаўленне тэрарыстаў, у выніку чаго пакутуюць таксама нявінныя людзі. “Гэта высокага ўзроўню анархія, што вельмі небяспечна”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што ні адна краіна не мае права бароцца з агрэсарам, так як ёй хочацца”.







All the contents on this site are copyrighted ©.