2014-11-26 11:26:19

Задума Бога – прывядзенне ўсяго да поўні існавання, праўды і прыгажосці


RealAudioMP3 Валадарства Божае пераўзыдзе любыя чалавечыя чаканні радасці, любові і супакою, падкрэсліў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 26 лістапада 2014 г. У сваёй катэхезе ён нагадаў пра існаванне фундаментальнай праўды, “аб якой ніколі нельга забывацца”: Касцёл – гэта не статычная рэальнасць ці самамэта, але рэчаіснасць, якая пастаянна крочыць у гісторыі ў напрамку апошняй і цудоўнай мэты – Валадарства Нябеснага. Касцёл з’яўляецца яго зернем і пачаткам, заўважыў Папа. Паводле Пантыфіка, гэты гарызонт пераўзыходзіць любыя чалавечыя ўяўленні і пачуцці і пастаянна ўздымае ў сэрцах людзей пытанні: “Калі адбудзецца гэты канчатковы пераход? Якім будзе новае вымярэнне, куды ўвойдзе Касцёл? Што будзе з чалавецтвам і з тварэннем, якое яго акружае?”. Адносна гэтых пытанняў Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” кажа: “Мы не ведаем часу, калі скончыцца зямля і чалавецтва, не ведаем таксама, якім чынам будзе зменены свет. Прамінае вобраз гэтага свету, скажоны грахом, але мы ведаем, што Бог рыхтуе новае жыллё і новую зямлю, у якой жыве справядлівасць і шчасце якой заспакоіць і пераўзыдзе ўсякія жаданні спакою, што гараць у людскіх сэрцах”, - нагадаў Папа.

“Вось мэта, да якой імкнецца Касцёл: гэта, як кажа Біблія, “Новы Ерузалем”, “Неба”. Больш, чым пра месца, тут гаворка ідзе пра “стан”, у якім нашы самыя глыбокія чаканні будуць споўнены з лішкам, а наша існаванне, як тварэнняў і дзяцей Божых, дасягне поўнага сталення. Мы нарэшце будзем цалкам і без абмежаванняў апрануты ў радасць, спакой і любоў Бога, і станем тварам ў твар з Ім. Цудоўна думаць пра гэта!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на працягласць і глыбокае адзінства паміж Касцёлам, які ёсць у Небе і тым, які яшчэ крочыць па зямлі. “Тыя, хто ўжо жыве ў прысутнасці Бога, могуць падтрымліваць нас, заступацца і маліцца за нас. З іншага боку, таксама і мы заўсёды пакліканы ахвяроўваць добрыя справы, малітвы і саму Эўхарыстыю, каб палегчыць пакуты душаў, якія яшчэ знаходзяцца ў чаканні бязмежнага благаслаўлення. Так! Таму што ў хрысціянскай перспектыве адметнасць існуе не паміж памерлымі і яшчэ жывымі, а тымі, хто належыць да Хрыста, і тымі, якія да Яго не належаць! Гэта вызначальны элемент, па-сапраўднаму вырашальны для нашага збаўлення і нашага шчасця!”, - сказаў Папа.

Спаўненне цудоўнага плану збаўлення, паводле Францішка, тычыцца ўсяго тварэння, якое павінны быць вызвалена “з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых”. У Святым Пісанні выкарыстоўваюцца вобразы “новага неба” і “новай зямлі”, каб паказаць, што ўвесь сусвет будзе абноўлены і вызвалены ад зла і смерці, падкрэсліў Францішак.

“Тое, што паабяцана, як спаўненне перамены, якая на самой справе ўжо ажыццяўляецца, пачынаючы са смерці і ўваскрасення Хрыста, гэта новае стварэнне. Гаворка ідзе не пра знішчэнне космасу і ўсяго, што нас нас акружае, але пра прывядзенне ўсяго да поўні існавання, праўды, прыгажосці. Гэта задума, якую Бог, Айцец, Сын і Дух Святы, заўсёды хацеў споўніць і ўжо спаўняе”, - сказаў Папа.

Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў, што 28 лістапада 2014 г. накіруецца з апостальскім візітам у Турцыю. У сувязі з гэтым, ён заклікаў вернікаў маліцца, каб гэта падарожжа прынесла плёны міру, шчырага дыялогу паміж рэлігіямі і згоды для турэцкага народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.