Пантыфік у Савеце Еўропы пра каштоўнасць міру, малады дух у палітыцы і ісціну
Савет Еўропы, у намеры
яго бацькоў-заснавальнікаў, быў адказам на “ідэйнае імкненне да адзінства”, - нагадаў
папа Францішак. Ён наведаў 25 лістапада 2014 г. штаб-кватэру арганізацыі і выступіў
там з прамовай. “Каб здабыць каштоўнасць міру, трэба, перш за ўсё, выхоўваць да яго,
не прымаючы культуры канфлікту, якая імкнецца запалохаць іншага, маргіналізаваць тых,
хто думае ці жыве па-іншаму”, - сказаў Папа і дадаў, што сёння, “на жаль, усё яшчэ
занадта часта даходзіць да нападак на мір. Яму супрацьстаяць розныя формы канфлікту,
у тым ліку міжнародны тэрарызм на рэлігійнай глебе, які мае “глыбокую пагарду да чалавечага
жыцця і слепа збірае нявінныя ахвяры”. Пантыфік заявіў, што гандаль узбраеннямі з’яўляецца
“чумой чалавецтва” і “невыноснай крыўдай для бедных”. Гэта з’ява сцісла звязана з
гандлем людзьмі – сучасным рабствам. “Але мір – гэта не проста адсутнасць вайны, канфліктаў
і напружанасці”, - звярнуў увагу Францішак і нагадаў, што з хрысціянскага пункту гледжання
ён з’яўляецца “дарам Божым і плёнам свабоднай і рацыянальнай дзейнасці чалавека, які
мае намер рэалізаваць агульнае дабро ў праўдзе і любові”.
Папа заўважыў важнасць
абранага Саветам Еўропы шляху да пашырэння правоў чалавека, звязанага з развіццём
дэмакратыі і вяршэнствам закона. Ён прызнаўся, што “адчувае сябе вымушаным” нагадаць
пра адказнасць еўрапейцаў і іх уклад у культурнае развіццё чалавецтва. На працягу
гісторыі Еўропа заўсёды імкнуўся да высокіх і амбіцыйных мэтаў развіцця, прагрэсу,
міру і адзінства. Гэта магчыма пры моцнай повязі з каранямі. А карані Еўропы сілкуюцца
ісцінай, якая з’яўляецца “рухаючай сілай любога грамадства, што хоча быць па-сапраўднаму
свабодным, гуманістычным і салідарным”. Ісціна заўсёды спасылаецца на сумленне.
Без
гэтага пошуках ісціны, “кожны становіцца мерай сябе і сваіх дзеянняў, пракладваючы
шлях для суб’ектыўнага пацвярджэння правоў, у выніку чаго канцэпцыя правоў чалавека,
якая сама па сабе з’яўляецца ўніверсальнай каштоўнасцю, замяняецца ідэяй індывідуалістычнага
права”. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да незаўважання іншых і спрыяе развіццю глабалізацыі
абыякавасці, што нараджаецца з эгаізму, звярнуў увагу Францішак.
Папа назваў
індывідуалізм “бедным і культурна бясплодным” і прызнаўся, што перад яго вачыма прадстае
Еўропа, параненая шматлікімі падзеямі мінулага і сённяшнім крызісам; Еўропа, “крыху
стомленая і песімістычная, якая знаходзіцца ў аблозе навінаў з іншых кантынентаў”.
“Еўропа – дзе ж твая сіла? - спытаўся Святы Айцец - дзе гэта ідэйнае імкненне, якое
ажыўляла і рабіла тваю гісторыю выдатнай; дзе твой дух зацікаўленай упэўненасці; дзе
тваё імкненне да ісціны, якім да гэтага часу ты з запалам дзялілася са светам?”. Ад
адказаў на гэтыя пытанні, лічыць Папа, будзе залежаць будучыня кантынента.
Папа
звярнуў увагу на працу Еўрапейскага суда па правах чалавека і пажадаў, каб быў сапраўдным
“сумленнем” Еўропы ў галіне правоў чалавека, і каб гэта сумленне станавілася ўсё больш
і больш сталым, не столькі праз марныя пагадненні паміж бакамі, але праз імкненне
да глыбокіх каранёў, на якіх вырашылі пабудаваць адзіную Еўропу яе бацькі-заснавальнікі.
Святы
Айцец заўважыў, што сёння Еўропа з’яўляцца шматпалярнай: напружанасці ўзнікаюць паміж
шматлікімі культурнымі, рэлігійнымі і палітычнымі полюсамі кантынента. На яго думку,
адным з супольных выклікаў з’яўляецца “глабалізацыя” гэтай шматпалярнасці, якая павінна
прывесці не да панавання аднаго з бакоў, але да “канструктыўнай гармоніі” і захавання
культурнай і рэлігійнай самабытнасці народаў.
Францішак адзначыў таксама важнасць
супрацоўніцтва і дыялогу паміж еўрапейскімі палітыкамі розных пакаленняў, якія часта
маюць розныя падыходы да рашэння адных і тых жа праблем. Дыялог, які вядзецца толькі
ўнутры палітычных, рэлігійных і культурных структур, адной палітычнай опцыі, часта
з’яўляецца бясплённым, падкрэсліў Пантыфік. Еўрапейскай палітыцы неабходны малады
дух, які прыме выклік трансверсальнасці, перакананы ён.
Папа высока ацаніў
намаганні Савета Еўропы па спрыянні міжкультурнаму і міжрэлігійнаму дыялогу на кантыненце.
Ён запэўніў у падтрымцы гэтых ініцыятыў з боку Касцёла, а таксама ўказаў на важнасць
узаемнага ўзбагачэння ў тэмах, якія тычыцца правоў чалавека, клопату аб чалавечым
жыцці, абароны мігрантаў, барацьбы з беспрацоўем і беднасцю.
“Горача жадаю,
каб усталявалася новае сацыяльнае і эканамічнае супрацоўніцтва, свабоднае ад ідэалагічных
абумоўленасцяў, здольнае адказаць глабалізаванаму свету захаваннем жывога пачуцця
салідарнасці і ўзаемнай любові, якія моцна пазначылі аблічча Еўропы, дзякуючы шчодрай
дзейнасці сотняў людзей, некаторых з якіх Каталіцкі Касцёл лічыць святымі, што на
працягу стагоддзяў працавалі дзеля развіцця кантынента, не столькі праз прадпрымальніцтва,
колькі праз адукацыйную, дабрачынную і накіраваную на чалавечае развіццё дзейнасць”,
- сказаў Папа. На заканчэнне прамовы ён звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва
ў сферы абароны навакольнага асяроддзя.