2014-11-23 12:57:07

Пантыфік: збаўленне пачынаецца ад спраў міласэрнасці


RealAudioMP3 Божае Валадарства – гэта “Валадарства праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядівасці, любові і міру”, - нагадаў папа Францішак 23 лістапада 2014 г. у сваёй гаміліі падчас Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра. Яна адбылася ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Падчас св. Імшы Пантыфік кананізаваў чатырох італьянцаў: біскупа Джавані Антоніа Фарына, Людовіка да Казорыя, Ніколу да Лангабардзі і Амата Ранконі, а таксама двух членаў Царквы сірамалабарскага абраду з Індыі – кс. Кур’якаса Эліяса Кавара ад Святой Сям’і і сястру Еўфрасію Элувацінгал ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Папа спаслаўся на прыклад новых святых і нагадаў, што ў канцы жыцця мы будзем суджаны паводле любові, блізкасці і пяшчоты ў адносінах да нашых братоў. Ад гэтага будзе залежаць, ці ўвойдзем мы ў Божае Валадарства, ці не, на якім баку мы будзем змешчаны. “Езус сваёй перамогай адкрыў нам сваё Валадарства, але ад кожнага з нас залежыць, ці ўвойдзем у яго, пачынаючы ўжо ад гэтага жыцця, становячыся асабліва блізкімі да брата, які просіць хлеба, адзення, гасціннасці, салідарнасці. І калі мы сапраўды будзем любіць гэтага брат або сястру, будзем рады падзяліцца з ім ці з ёй самым каштоўным – Езусам і Яго Евангеллем”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на літургічныя чытанні, Святы Айцец сказаў, што Езус увасобіў Божае Валадарства праз блізкасць і любоў да нас. Як Добры Пастыр, Ён хоча знайсці згубленую авечку, прынесці яе назад; Ён перавязвае раны, умацоўвае хворую і абараняе здаровую і моцную. “І тыя, хто пакліканы ў Касцёле быць пастырамі, не могуць адхіляцца ад гэтага ўзору, калі не хочуць стаць наймітамі. У гэтых справах народ Божы мае бясхібнае адчуванне, распазнаючы добрых пастыраў і адрозніваючы іх ад наймітаў”, - сказаў Францішак. Ён дадаў, што час Хрыстовага Валадарства з’яўляецца працяглым перыядам перадачы ўсяго Айцу.

Пантыфік падкрэсліў, што 25-ы раздзел Евангелля св. Мацвея паказвае на правіла жыцця, паводле якого мы будзем ацэнены – блізкасць і адчувальнасць. “Збаўленне пачынаецца не ад прызнання каралеўскай годнасці Хрыста, але ад наследавання спраў міласэрнасці, праз якія Ён увасобіў Божае Валадарства. Той, хто іх выконвае, дэманструе, што прыняў Валадарства Езуса, бо зрабіў у сваім сэрцы месца для Божай любові”, - сказаў Святы Айцец.

Спасылаючыся на постаці новых святых, якія служылі ў сваіх асяроддзях Божаму Валадарству, Папа адзначыў, што кожны з іх з вялікай крэатыўнасцю даў адказ на запаведзь любові да Бога і бліжняга. “Яны прынеслі сябе цалкам у ахвяру на службе самым апошнім, дапамагаючы патрабуючым, хворым, пажылым, пілігрымам. Іх адмысловая любоў да самых малых і бедных была адлюстраваннем і паказчыкам безумоўнай любові Бога. На самой справе яны шукалі і знайшлі любоў у моцных і асабістых адносінах з Богам, з якой выходзіць сапраўдная любоў да бліжняга”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў, каб новыя святыя сваім прыкладам і заступніцтвам выпрасілі для нас большую радасць вандравання па шляху Евангелля і пастанову, каб яго абраць у якасці компаса нашага жыцця.







All the contents on this site are copyrighted ©.