2014-11-22 11:38:38

Грэка-каталіцкі святар з Украіны: палітычныя працэссы не павінны пераносіцца на рэлігійную глебу


RealAudioMP3 У Ватыкане завяршылася пасяджэнне Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, у якім прымаў удзел таксама прадстаўнік Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы. Сустрэча была прысвечана 50-годдзю саборнага Дэкрэта пра экуменізм, выданне якога стала пераломным момантам, з якога па сутнасці пачалася новая старонка ў адносінах паміж хрысціянскімі Цэрквамі. Паўстагоддзя – гэта многа ці мала? – задаюцца пытаннем прадстаўнікі канфесій.

Нягледзячы на тое, што Цэрквы за гэты час зраблі вялікі крок насустрач адна адной, усё ж у фармаце сустветнай гісторыі гэта вельмі кароткі тэрмін, лічыць айцец Ігар Шабан, кіраўнік аддзела па справах спрыяння адзінству хрысціян Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Тым больш сёння адчуваецца, наадварот, і нейкі адкат у адносінах, прычынай якога, так званым “камнем перапоны”, многія называюць менавіта існаванне Грэка-каталіцкай Царквы, растлумачыў сваю пазіцыю святар. “Калі мы будзем казаць менавіта аб Грэка-каталіцкай Царкве, то гэта пытанне ўжо было паднята на міжканфесійным узроўні ў пачатку 90-х гадоў, некалькі гадоў вяліся дыскусіі, вынікам якіх стала, на мой погляд, вльмі добрае рашэнне: дакумент, які прызнаў, што ўніацтва існуе ў гісторыі, і як метад зрабіў сваю справу. Ёсць Усходнія Цэрквы, яны існуюць, моляцца, ёсць мільёны вернікаў, якія належаць да гэтых Цэркваў і збаўляюцца ў іх. А таму нельга адмаўляць іх існаванне. І гэтае пытанне тады, у пачатку 90-х, было закрыта. А сёння гэтая дыскусія зноў набірае абароты і некаторыя палітычныя працэсы, якія мы назіраем ва Украіне, пераносяцца на рэлігійную глебу. І мы вельмі балюча гэта ўспрымаем, бо гэта зусім не хрысціянскі, не братэрскі падыход”, - адзначыў айцец Ігар Шабан.

На жаль, сёння, як ніколі ў апошнія часы, менавіта палітычныя пытанні кіруюць рэлігійнай сітуацыяй, заўважыў грэка-каталіцкі святар. І зараз, пасля 25 гадоў адраджэння, гэта асабліва балюча разумець. Нягледзячы на тое, што царкоўныя структуры за гэты час аднавіліся, вырасла цэлае паваленне новых вернікаў, выхаваных у духу хрысціянскіх каштоўнасцяў, так званы прабел у рэлігійнасці, а гэта значыць, у маральнасці насельніцтва, усё ж вялікі. І гэта таксама можа з’яўляцца прычынай канфліктаў рознага кшталту, адзначыў айцец Ігар Шабан. “Калі мы паглядзім, то не так шмат людзей ходзяць у Царкву – ходзяць і моляцца. Магчыма, розныя лічбы ў Заходняй, Усходняй і Цэнтральнай Украіне. Калі мы паглядзім на нашых суседзяў, там таксама іншыя лічбы. І паўстае пытанне да ўсіх Цэркваў, што за гэтыя 25 гадоў яны зрабілі для свайго новага пакалення?” - адзначыў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Сітуацыя на Украіне стала нібыта лакмусавай паперкай, якая зноў абвастрыла рознагалоссі паміж прадстаўнікамі Цэркваў – не толькі на ўзроўні іерархаў, але і на ўзроўні простых вернікаў. Такога катэгарычна нельга дапускаць, упэўнены айцец Ігар Шабан. Голас Цэркваў павінен гучаць дзеля абароны міру і спакою як паміж дзяржавамі, так і паміж палітыкамі, паміж прадстаўнікамі духавенства, так і вернікамі няхай і розных канфесій, але адной краіны і ўвогуле Божага свету. “Мы спадзяемся, што людзі прыслухаюцца да голасу Цаквы, і Царква ва Украіне не маўчыць. Галоўнае, каб мы казалі праўду. Калі нават людзі не прыслухаюцца да яе зараз, яны ўсё роўна калі-небудзь зразумеюць праўду. Калі мы кажам пра Цэрквы на Украіне, то ў адзін голас яны разам на Усеўкраінскай радзе цэркваў некалькі разоў агучвалі тэксты, дакументы, якія даносяць праўду аб міры і спакоі, а таксама заклік да мірнага вырашэння гэтага канфлікта. Але чамусьці гэта не чуюць тыя людзі, якія зараз са зброяй. Таксама да выключна мірнага вырашэння канфлікта не раз заклікаў і папа Францішак”, - нагадаў святар.

Пакуль жа вернікам ва ўсім свеце застаецца маліцца аб міры ў краіне, дзе ў ХХІ стагоддзі, зусім побач з намі, працягваюцца баі і гінуць мірныя жыхары. Важна не перайсці лінію, за якой не будзе ўжо шляху назад, і не страціць у адзін момант усё тое, што адраджалася доўгія гады, лічыць айцец Ігар Шабан.







All the contents on this site are copyrighted ©.