2014-11-20 13:00:56

Папа Францішак да ФАО пра “парадокс багацця”


RealAudioMP3 20 лістапада 2014 г. папа Францішак прыняў удзел у Другой міжнароднай канферэнцыі па пытаннях харчавання, арганізаванай у Рыме Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй Аб’яднаных Нацый (ФАО) сумесна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Пасля кароткага прывітання генеральнага дырэктара ФАО Жазэ Грацыяну да Сілвы і каралевы Іспаніі Летыцыі, Пантыфік па-іспанску звярнуўся да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння. Святы Айцец выказаў перакананасць, што лёсы нацый, як і лёсы членаў адной сям’і, цесна ўзаемазвязаны. “Аднак мы жывём у эпоху, калі адносіны паміж нацыямі занадта часта парушаюцца ўзаемнай падазронасцю, што набывае часам формы вайсковай і эканамічнай агрэсіі, якія падрываюць братэрскае сяброўства”, - папярэдзіў ён. Гэта добра вядома тым, у каго няма штодзённага хлеба і годнай працы. Такая карціна свету, заснаваная на суверэнітэце кожнай асобнай дзяржавы, а таксама на нацыянальных інтарэсах, якія часта дыктуюцца невялікімі групамі людзей, маючых уладу, мае шэраг абмежаванняў. У гэтай перспектыве Францішак выказаў спадзяванне, што, беручы на сябе абавязацельствы па забеспячэнні свету харчаваннем, дзяржавы будуць сыходзіць з пераканання, што права на харчаванне можа быць гарантавана толькі ў тым выпадку, калі мы паклапоцімся пра яго рэальны суб’ект – чалавека, які пакутуе ад голаду і непаўнавартаснага харчавання.

Францішак адзначыў, што сёння шмат гавораць пра правы, але часта забываюцца пра абавязкі. “Магчыма, мы занадта мала клапоціліся пра тых, хто пакутуе ад голаду,” - заўважыў ён. Змаганню з голадам і няправільным харчаваннем перашкаджаюць “рынкавыя прыярытэты” і пагоня за прыбыткам, якія зраўнялі прадукты харчавання са звычайным таварам, на якім можна спекуляваць. “І пакуль вядзецца размова пра новыя правы, галодны чалавек стаіць там, на рагу вуліцы, і просіць права на грамадзянства, просіць, каб мы ўвайшлі ў яго становішча, просіць простую, здаровую ежу” – падкрэсліў папа Францішак. На яго думку, такі чалавек мае патрэбу не ў міласціне, а ў годнасці.

Пантыфік перакананы, што “людзі і народы патрабуюць практычнай рэалізацыі правасуддзя; не толькі законнага правасуддзя, але і справядлівага размеркавання фінансавых сродкаў і даброт”. У сувязі з гэтым, дзейнасць міжнародных арганізацый павінна ўлічваць пажаданне, якое часта выказваюць простыя людзі: рэалізоўваць асноўныя правы чалавека, у нашым выпадку, галоднага чалавека. У такім разе, лічыць Святы Айцец, гуманітарныя аперацыі і дзейнасць, накіраваная на развіццё, набудуць найвялікшы імпульс і прынясуць жаданыя плады.

Паводле Францішка, цікавасць да вытворчасці і забеспячэння даступным харчаваннем, да змянення клімату і сельскагаспадарчага гандлю павінны прывесці да прыняцця правіл і тэхнічных мер, аднак перадусім трэба клапаціцца пра чалавека, які не мае штодзённай ежы. Замест таго, каб задумацца пра жыццё, сямейныя і грамадскія адносіны, такі чалавек вядзе змаганне за выжыванне, папярэдзіў Папа. Ён нагадаў, што св. Ян Павел II падчас адкрыцця Першай канферэнцыі па пытаннях харчавання ў 1992 годзе, папярэджваў міжнародную супольнасць пра “парадокс багацця”, калі прадуктаў харчавання хапае на ўсіх, але не кожны можа іх атрымаць. На жаль, гэты парадокс не страціў сваёй актуальнасці і сёння. На думку папы Францішка, гэта першая праблема, якую трэба вырашаць.

Другой праблемай з'яўляецца нястача салідарнасці. У нашых грамадствах адзначаецца ўзрост індывідуалізму і падзелу. Калі салідарнасць адсутнічае ў адной краіне, наступствы гэтага адчуваюцца ва ўсім свеце, упэўнены Святы Айцец.

Людзі, якія ўсведамляюць сваю частковую адказнасць за план стварэння свету, здольныя выказваць узаемапавагу, замест таго, каб весці паміж сабой змаганне, наносячы шкоду планеце. “Бог даруе заўсёды, чалавек – часам, Зямля не даруе ніколі” – нагадаў папа Францішак вядомую прымаўку. На яго думку, дзяржавы, як супольнасць людзей і народаў, абавязаны дзейнічаць сумесна, быць гатовымі дапамагчы адзін аднаму у рамках прынцыпаў і нормаў, што прапаноўвае міжнароднае права. Крыніцай натхнення павінен служыць натуральны закон, запісаны ў чалавечым сэрцы, якое размаўляе на зразумелай усім мове: мове любові, справядлівасці і міру. Дзяржавы і міжнародныя арганізацыі павінны таксама прыняць гэтыя каштоўнасці ў духу дыялогу і ўзаемнай павагі. Такім чынам, мэта – накарміць чалавечы род – робіцца выканальнай.

Паводле меркавання папы Францішка, абавязак кожнай дзяржавы, якая клапоціцца пра дабрабыт грамадзянаў, прымаць патрэбныя меры для таго, каб гарантаваць іх рэалізацыю. Гэта патрабуе настойлівасці і падтрымкі. Каталіцкі касцёл робіць свой унёсак у гэту сферу, з увагай ставячыся да жыцця бедных пластоў насельніцтва ва ўсіх рэгіёнах свету. Святы Пасад бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці міжнародных арганізацый, у тым ліку, праз шматлікія дакументы і заявы. Такім чынам, Касцёл спрыяе выяўленню крытэрыяў справядлівай міжнароднай сістэмы.

На заканчэнне Пантыфік адзначыў, што, калі мы верым у прынцып адзінства чалавечага роду, заснаваны на агульным айцоўстве Бога Стварыцеля, а таксама ў прынцып братэрства людзей, нельга лічыць прымальнай ніводную форму палітычнага ці эканамічнага ціску, ніводная сістэма дыскрымінацыі не павінна быць узята ў якасці мадэлі для міжнароднай дзейнасці, накіраванай на ліквідацыю голаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.