2014-11-20 12:00:41

Папа: крыж Езуса – кошт заплачаны за закрытасць чалавечых сэрцаў


RealAudioMP3 Езус плача таксама сёння, калі дзверы нашых сэрцаў закрываюцца для нечаканасцяў з Яго боку, адзначыў папа Францішак 20 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім, заўважыў Пантыфік, каментуючы евангельскі фрагмент (Лк 19,41-42). На думку Святога Айца, прычынай слёзаў Хрыста была закрытасць сэрцаў жыхароў Ерузалема: выбраны горад жыў у самазадавальненні і не адчуваў патрэбы ў Пану – не ўсведамляў, што патрабаваў збаўлення. “Ерузалем быў безтурботным – святыня функцыянавала, святары прыносілі ахвяраванні, народ здзяйсняў пілігрымкі, настаўнікі закона ўпарадкоўвалі ўсё. Усё было дакладна! Усе загады – ясныя”, - заўважыў Папа. Але гэта, на яго думку, паспрыяла закрытасці сэрцаў людзей на Божыя нечаканасці. Ерузалем баяўся сюрпрызаў – баяўся, што Пан наведае яго. Горад адчуваў сябе ў бяспецы, калі трымаў усё па кантролем. Паводле Святога Айца, падобная пазіцыя – закрытасць на нечаканасці з боку Бога – часта з’яўляецца ўласцівай сучасным вернікам і пастырам. “Мы адчуваем сябе ў бяспецы, калі можам кіраваць рэчамі. Але прыход Пана, Яго сюрпрызы, мы не можам кантраляваць”, - сказаў Папа і дадаў, што коштам закрытасці чалавечых сэрцаў – стаў Крыж.

Францішак заклікаў кожнага спытацца сябе пра стан свайго сэрца: пра ўзровень самазадаволенасці і самадастатковасці, які прыводзяць да нежадання новых сустрэч з Богам. Папа перакананы, што Езус працягвае стукаць у сэрцы людзей, але, калі яны аказваюцца закрытымі, Ён плача, таксама і сёння, як рабіў гэта гледзячы на Ерузалем.








All the contents on this site are copyrighted ©.