2014-11-18 12:23:38

Пантыфік: духоўны камфорт – гэта стан граху


RealAudioMP3 Святы Айцец зноў звярнуўся да тэмы “летніх” і “сапсутых” хрысціян. Такімі становяцца, калі перастаюць даваць адказ на заклік Хрыста аб навяртанні, сказаў Пантыфік 18 лістапада 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён спаслаўся на евангельскую размову паміж Езусам і Закхеям. Верніку вельмі часта перашкаджае фальшывае пачуццё камфорту, уражанне, што ён цалкам “у парадку”, бо рэгулярна наведвае касцёл і выконвае рэлігійныя абавязкі. “Духоўны камфорт – гэта стан граху”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што менавіта гэта Езус называе “цёпласцю”. “Таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх”, - спаслаўся Святы Айцец на ўрывак сённяшняга чытання з кнігі Апакаліпсіса. Яшчэ адна праблема – гэта “паказныя” хрысціяне – “быццам жывыя, але – мёртвыя”. Яны прыкрываюцца прыстойнасцю, а на самой справе першыя, хто патрабуе навяртання.

Яшчэ адзін тып хрысціян, яркім прадстаўніком якога быў Закхей, гэта вернікі “сапсутыя”. Замест таго, каб служыць іншым, яны выкарыстоўваюць іх, каб служыць сабе. Пантыфік заклікаў да “навяртання”, якое б дасягнула не толькі сэрца і душы, але і кішэняў, што адлюстравалася б на справядлівых і сумленных фінансавых адносінах да іншых.

Слова Божае, сказаў Папа, “можа ўсё змяніць”, але “мы не заўсёды маем мужнасць паверыць яму, прыняць гэта слова, што лечыць нас знутры”. Касцёл заклікае нас, каб у апошнія тыдні літургічнага года мы сур’ёзна падумалі аб сваім навяртанні. І ў гэтым першым памочнікам з’яўляецца слова Божае, якое трэба пачуць, прыняць і выконваць.







All the contents on this site are copyrighted ©.