2014-11-18 15:50:06

Ватыканскаму банку вярнулі заблакаваныя сродкі


RealAudioMP3 Інстытут рэлігійных спраў, больш вядомы як Ватыканскі банк, пацвердзіў вяртанне фінансавых сродкаў, якія былі заблакаваны ў верасні 2010 г. адным з італьянскіх банкаў у выніку прэвентыўных дзеянняў, ініцыяваных італьянскімі ўладамі. Рашэнне аб прэвентыўнай секвестрацыі было адменена ў чэрвені 2011 г., але сродкі заставаліся заблакаванымі з прычыны некаторых невырашаных пытанняў, звязаных са сферай “пазыковай добрасумленнасці” – працэдурай фарміравання аб’ектыўнага ўяўлення аб партнёрскай структуры, комплекснай праверкі яе фінансавага стану і іншых аспектаў.

Вяртанню сродкаў паспрыяла прыняцце ў 2013 г. Апостальскай Сталіцай эфектыўных мер па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, ухваленых камітэтам па барацьбе з фінансавымі злачынствамі “Moneyval”. Акрамя таго, у вырашэнні справы дапамагло ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Апостальскай Сталіцай і Італіяй, ЗША, Германіяй і Вялікабрытаніяй, праз заключэнне адпаведных двухбаковых пагадненняў у сферы барацьбы з фінансавымі злоўжываннямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.