Францішак: сям’я – антрапалагічная рэальнасць, а не ідэалагічная
Дзеці маюць права
на тое, каб расці ў сям’і з татам і маці, здольнымі ствараць асяродзе спрыяючае іх
развіццю і эмацыйнаму сталенню, адзначыў папа Францішак 17 лістапада 2014 г., падчас
сустрэчы з удзельнікамі Міжнароднага калоквіюма на тэму ўзаемадапаўняльнасці паміж
мужчынам і жанчынай, які праходзіць у Ватыкане. У сваёй прамове Пантыфік падкрэсліў
важнасць антрапалагічнага разумення сям’і, насуперак ідэалагічнаму, якое з часам мінае.
Для хрысціян, сэнс узаемадапаўняльнасці раскрываюць словы апостала Паўла аб шматлікіх
дарах Святога Духа, якімі надзяляецца кожны чалавек, каб на падабенства асобнага члена
мог станавіцца часткай адзінага арганізму і служыць дабру ўсіх, сказаў Папа. Узаемадапаўняльнасць
тычыцца гармоніі, пакладзенай Богам ва ўсё сваё стварэнне, перакананы Святы Айцец.
У тым ліку яна адносіцца да сужэнства і сям’і – “школы, у якой вучымся цаніць уласныя
дары і дары іншых і дзе пачынаем знаёміцца з мастацтвам супольнага жыцця”; дзе “удыхаем”
каштоўнасці і ідэалы, рэалізуем свой патэнцыял цнотаў і любові”; пераадольваем канфлікты.
“Калі гаворым пра ўзаемадапаўняльнасць паміж мужчынам і жанчынай у гэтым кантэксце,
мы не павінны блытаць гэта паняцце са спрошчанай ідэяй аб тым, што ўсе ролі і адносіны
абодвух палоў заключаны ў адзіную і статычную сістэму. Узаемадапаўняльнасць набывае
шматлікія формы, каб кожны мужчына і жанчына, рабілі ўласны ўнёсак у сужэнства і выхаванне
дзяцей. Менавіта персанальнае багацце, ўласны харызмат і ўзаемадапаўняльнасць складаюць
такім чынам вялікае багацце”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што сёння сужэнства
і сям’я прабываюць у крызісе, які вядзе да разбуральных духоўных і матэрыяльных наступстваў
для шматлікіх людзей, асабліва самых уразлівых. Заняпад культуры сужэнства звязаны
з пашырэннем беднасці і цэлага шэрагу сацыяльных праблем, якія ў непрапарцыянальным
памеры ўдараюць па жанчынах, дзецях і пажылых людзях. “Менавіта яны ўсё больш пакутуюць
ад гэтага крызісу”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў важнасць абароны сям’і
і сужэнства, якія з’яўляюцца фундаментамі грамадства і заклікаў дапамагаць людзям,
у першую чаргу моладзі, зразумець, што салідарнасць, вернасць і плённая любоў адпавядаюць
самым глыбокім жаданням чалавечага сэрца.