2014-11-14 13:43:30

Сусветны кангрэс касцёльных рухаў будзе прысвечаны радасці абвяшчэння Евангелля


RealAudioMP3 20-22 лістапада 2014 г. у Рыме адбудзецца Трэці сусветны кангрэс касцёльных рухаў і новых супольнасцяў, арганізаваны Папскай радай па справах свецкіх, якой даручана займацца новымі рэаліямі Касцёла. Развіццё касцёльных рухаў і новых супольнасцяў выклікае моцную цікавасць у кантэксце постмадэрнісцкай культуры, адзначанай шырока пашыраным секулярызмам, лічыць старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі кардынал Станіслаў Рылка. У свеце, які так радыкальна адмаўляе існаванне Бога, знаходзіцца яшчэ шмат людзей, сталага узросту і моладзі, якія адкрываюць радасць і хараство хрысціянства і абіраюць Езуса ў якасці компаса свайго жыцця. У Касцёле нараджаюцца шматлікія рухі і супольнасці, якія прапануюць педагагічныя праграмы, здольныя змяняць жыццё людзей і абуджаць у іх евангелізатарскія здольнасці, адзначыў ватыканскі іерарх падчас прэзентацыі Кангрэсу 14 лістапада 2014 г. у Ватыкане.

Многія касцёльныя рухі прадэманстравалі вялікую цікавасць да мерапрыемства і выказалі жаданне прыняць у ім удзел, аднак лагістыка змушае абмежаваць лік удзельнікаў да трохсот чалавек – гэта заснавальнікі, дэлегаты, прадстаўнікі сотняў рухаў і новых супольнасцяў міжнароднага ўзроўню. Лік парафіяльных і нацыянальных рухаў значна большы, удакладніў кардынал Рылка.

Навізна сёлетняга Кангрэса ў тым, што вялікая сустрэча з папам Францішкам ужо адбылася ў 2013 годзе ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы з нагоды святкавання Года веры, куды былі запрошаны касцёльныя рухі і свецкія супольнасці. Тэма кангрэсса “Радасць Евангелля – місійная радасць” добра адлюстроўвае заданне, якое ставіць Святы Айцец: абвяшчаць Евангелле павінны “не сумныя і расчараваныя, нецярплівыя і занепакоеныя прапаведнікі”, але тыя, чыё жыццё струменіць запал, хто сам адчувае радасць Хрыста. Акрамя таго, папа Францішак жадае, каб Касцёл “выйшаў” на геаграфічныя і экзістэнцыяльныя перыферыі нашага свету, быў асабліва ўважлівы да бедных і пакутуючых.

Сакратар Папскай рады па справах свецкіх арцыбіскуп Ёзэф Клеменс удакладніў, што Кангрэс будзе праходзіць цягам трох дзён. Дакладчыкі – свецкія і духоўныя асобы, мужчыны і жанчыны з розных кантынентаў – разгледзяць шматлікія аспекты місійнай дзейнасці. Першы дзень Кангрэса задасць агульны кантэкст, засяродзіцца на метадах і каранях евангелізацыі. Другі дзень будзе прысвечаны пераадоленню перашкод на шляху місіянерства, пытанням плённага і радаснага абвяшчэння Евангелля, а таксама ролі моладзі і пажылых людзей. Тэма трэцяга дня – роля жанчын, а таксама пытанні евангелізацыі на далёкіх перыферыях свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.