2014-11-14 13:03:09

Апублікавана афіцыйная праграма візіту Святога Айца ў Шры-Ланку і на Філіпіны


RealAudioMP3 14 лістапада 2014 г. была апублікавана афіцыйная праграма візіту папы Францішка ў Шры-Ланку і на Філіпіны. Падарожжа распачнецца 12 студзеня 2015 г. вечарам вылетам з Рыма. У аэрапорце самага буйнога горада Шры-Ланкі Каломба самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ўжо 13 студзеня раніцай. У гэты дзень адбудуцца сустрэчы Святога Айца з мясцовым епіскапатам і прадстаўнікамі іншых рэлігій. Таксама яго прыме ў сваёй рэзідэнцыі кіраўнік краіны. На наступны дзень Папа ўзначаліць кананізацыйную св. Імшу кс. Джозэфа Ваза, пасля якой адправіцца ў марыйны санктуарый у Мадху. 15 студзеня Пантыфік накіруецца ў капліку Маці Божай з Ланкі. І гэта будзе апошні пункт яго падарожжа ў азіяцкую краіну. У той жа дзень ён вылеціць на Філіпіны, дзе яго будзе чакаць афіцыйны прыём. Сам візіт практычна распачнецца на наступны дзень, 16 студзеня, наведаннем Прэзідэнта краіны і сустрэчай з кіраўнікамі дзяржавы і дыпкорпусам. У гэты ж дзень Папа адправіць св. Імшу з удзелам мясцовых біскупаў, святароў і законнікаў, а таксама сустрэнецца з сем’ямі.

17 студзеня Францішак узначаліць Эўхарыстыю на лётным полі ў Таклабан і паабедае з некаторымі ахвярамі тайфуну. Вечарам ён правядзе сустрэчу з мясцовым духавенствам і семінарыстамі. 18 студзеня пройдуць спатканні Святого Айца з рэлігійнымі лідэрамі і моладдзю. Вечарам Пантыфік узначаліць св. Імшу ў Маніле. Гэта будзе апошні пункт яго падарожжа на Філіпіны, 19 студзеня Францішак адправіцца назад у Рым.







All the contents on this site are copyrighted ©.