Побач з ватыканскай базылікай з’явяцца душавыя кабінкі для бездомных
Побач з базылікай
св. Пятра будуць устаноўлены душавыя кабінкі для бездомных. 17 лістапада 2014 г. пачнецца
рэканструкцыя санітарных пакояў для пілігрымаў, якія знаходзяцца пад знакамітай каланадай
Берніні, недалёка ад Бронзавай брамы – уваходу ў Апостальскі палац Ватыкана. Па ініцыятыве
папскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага, тут будуць размешчаны таксама
тры душавыя кабінкі – спецыяльна для бяздомных, якім няма дзе памыцца. “Базыліка існуе,
каб захоўваць Цела Хрыста, а ў бедных мы служым пакутуючаму целу Езуса”, - адзначыў
ён у інтэрв’ю італьянскаму інтэрнэт-парталу “Vatican Insider”.
Адзін з бліжэйшых
супрацоўнікаў папы Францішка падзяліўся, што ідэя нарадзілася пасля размовы з адным
з рымскіх бездомных. Яшчэ напачатку кастрычніка арцыбіскуп Краеўскі сустрэў яго на
вуліцы і даведаўшыся, што той адзначае сваё 50-годдзе, прапанаваў разам схадзіць у
рэстаран. “Я ж кепска пахну”, - пачуў іерарх у адказ. Тым не менш, паход на вячэру
адбыўся. Там бяздомны расказаў, што ў Рыме для бедных амаль не існуе праблемы з харчаваннем,
дзякуючы шматлікім арганізацыям, якія раздаюць ежу, але з магчымасцю памыцца справы
выглядаюць горш – туалетаў і душавых вельмі мала.
Арцыбіскуп Краеўскі, які
на працягу доўгіх гадоў дапамагае бедным, прызнаўся, што прызвычаіўся дзейнічаць неадкладна.
“У Евангеллі Езус заўсёды карыстаўся словам “сёння”. І сёння мы павінны адказаць на
гэту патрэбу”, - сказаў ён. Іерарх наведаў з дзесятак рымскіх парафій, якія дапамагаюць
бездомным, і там, дзе не было душавых кабінак, прапанаваў устанавіць іх. Фінансавую
падтрымку рэалізацыі праекту выказаў гатоўнасць аказаць дабрачынны фонд знакамітага
італьянскага спевака Андрэа Бачэлі, а тэхнічную – адно з італьянскіх камерцыйных прадпрыемстваў.
Душавыя
кабінкі, устаноўленыя пад каланадай Берніні, не будуць пазначаны адпаведнымі таблічкамі,
бо іх адрасаты – мясцовыя бяздомныя – будуць ведаць аб іх. Акрамя таго, арцыбіскуп
Краеўскі плануе задзейнічаць у ініцыятыве вучняў цырульніцкіх курсаў, каб бездомныя
мелі магчымасць скарыстацца іх паслугамі. Такім чынам яны будуць менш схільныя да
хваробаў, перакананы папскі элемазінарый.