2014-11-10 10:25:34

Папа да семінарыстаў: жыць у братэрстве, маліцца і станавіцца місіянерамі


RealAudioMP3 Жыць у братэрстве, шмат маліцца і станавіцца сапраўднымі місіянерамі – з такім заклікам папа Францішак звярнуўся да французскіх семінарыстаў, якія 10 лістапада 2014 г. завяршылі двухдзённую пілігрымку ў марыйны санктуарый у Лурдзе. Гаворачы пра асаблівасці семінарыйнага і святарскага жыцця, Пантыфік у першую чаргу падкрэсліў важнасць братэрскай еднасці. “Святарскае служэнне ні ў якім разе не можа быць індывідуальным і тым больш індывідуалістычным”, - напісаў ён. Жывучы разам у семінарыі, неабходна вучыцца пазнаваць адно аднаго, цаніць, падтрымліваць і часам цярпець, нагадаў Святы Айцец. У фундаменце выхавання будучых святароў знаходзіцца Божае Слова. У сувязі з гэтым, Пантыфік заклікаў семінарыстаў прысвячаць шмат часу на малітву. Дзякуючы ёй, на думку Францішка, магчыма стаць сапраўднымі “людзьмі Божымі”, чаго чакае ад святароў народ.

Гады семінарыйнага жыцця – гэта час пераўтварэння ў “пакорных” вучняў, здольных аддаваць перавагу самым маргіналізаваным асобам, лічыць Папа. На яго думку, малітва адкрывае на місійную дзейнасць, а місія, “душой якой з’яўляецца любоў”, заключаецца ў тым, каб дапамагаць людзям праз сакрамэнты сустрэцца з пяшчотай Хрыста, адзначыў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.