2014-11-08 12:26:10

Францішак даў парады салезіянкам


RealAudioMP3 8 лістапада 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 200 законніц з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, больш вядомых як салезіянкі. Сустрэча была прымеркавана да заканчэння генеральнага капітула супольнасці, які праходзіў у Рыме і займаўся праблематыкай евангелізацыі моладзі. Гэта тэма, паводле Папы, цудоўна ўпісваецца ў актуальны сацыяльны і касцёльны кантэкст, часта пазначаны рознымі формамі духоўнай і маральнай беднасці, пакут з прычыны недахопу любові і адносін. Ён нагадаў, што несучы Евангелле, важна дасягаць геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферый, а таксама надаваць асаблівую ўвагу бедным і маргіналізаваным. Пантыфік заахвоціў законніц актыўна ўключаць моладзь у місію распаўсюджвання Евангелля і дапамагаць юнакам і дзяўчатам станавіцца “прадстаўнікамі евангелізацыі” для сваіх аднагодак.

У выканні гэтага задання важна ставіць Хрыста ў цэнтр уласнага жыцця, імкнуцца да святасці, кіравацца і падтрымліваць сябе Божым словам, умацоўваць місійны дух трывалай малітвай. Акрамя таго, паводле Святога Айца, неабходна сведчанне аб ідэале братэрскага адзінства ў самой манаскай супольнасці, згодна са словамі Езуса: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”.

Францішак заклікаў законніц быць “місіянеркамі надзеі і радасці”, працуючы ў розных дзіцячых і моладзевых асяродках, і сведчыць аб каштоўнасцях салезіянскай духоўнасці, у першую чаргу, аб важнасці сустрэчы паміж людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.