2014-11-07 12:37:49

Папа: адказаць на глабалізацыю абыякавасці глабалізацыяй салідарнасці


RealAudioMP3 7 лістапада 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў штогадовай экуменічнай сустрэчы біскупаў-сяброў руху Факаляраў. Сярод іх былі не толькі каталіцкія іерархі, але таксама праваслаўныя і пратэстанскія. Святы Айцец звярнуў увагу сваіх гасцей на важнасць “яснага сведчання адзінства паміж хрысціянамі”, а таксама пашаны, павагі і братэрства паміж сабой. “Гэта братэрства з’яўляецца ззяючым і прывабліваючым знакам нашай веры ў Хрыста Уваскрослага”, - сказаў ён. Перад абліччам шматлікіх праблем і драмаў сучаснага свету, на думку папы Францішка, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій павінны дзейнічаць і выказвацца супольна: адказваць на глабалізацыю абыякавасці глабалізацыяй салідарнасці.

Святы Айцец нагадаў, што выклікаў шмат: у некаторых краінах хрысціяне не маюць магчымасці публічна вызнаваць сваю веру або жыцць паводле ўласцівых ёй маральных нормаў; падвяргаюцца пераследу; становяцца ахвярамі тэрарызму, фундаменталізму і неўтаймаванага секулярызму; вымушаюцца да бежанства. Усе гэтыя праблемы, на яго думку, падштурхоўваюць да пошуку шляхоў да адзінства, каб “свет паверыў”, а самі хрысціяне напоўніліся даверам.

Адным з такіх шляхоў, Папа назваў Эўхарыстыю, якая з’яўляецца таямніцай адзінства. Эўхарыстыя – гэта “момант праўды”; у ёй найбольшым чынам выяўляецца сустрэча паміж ласкай Хрыста і адказнасцю вернікаў. “Тут, у Эўхарыстыі, мы ясна адчуваем, што адзінства – гэта дар, а ў той жа час адказнасць, вялікая адказнасць”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.