2014-11-07 13:35:38

Пантыфік да законнікаў: быць у свеце знакам, якому супраціўляцца будуць


RealAudioMP3 Манаскае жыццё, дзякуючы сваёй прывабнасці, дапамагае Касцёлу пашырацца адзначыў папа Францішак 7 лістапада 2014 г. падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў. Калі браты і сёстры даюць сапраўднае сведчанне манаскага жыцця, людзі, гледзячы на іх, пачынаюць задаваць пытанні: “у чым тут справа?”, “што падштурхоўвае гэтага чалавека сягаць далей за гарызонт гэтага свету?”, адзначыў Пантыфік. Радыкальнасць веры патрабуецца ад кожнага хрысціяніна, але ад законнікаў – асаблівым чынам, перакананы ён. Законнікі, на яго думку, пакліканы да місійнага і прароцкага сведчання, якое павінна быць спалучана са святасцю. “Сапраўднае прароцтва – гэта не ідэалогія, не “мода”, але знак, якому супраціўляцца будуць – згодна з Евангеллем – як быў Езус. Езус, напрыклад, быў знакам да супраціўлення, для рэлігійных ўладаў свайго часу: кіраўнікоў фарысеяў, настаўнікаў закону. Але быў таксама і для іншага кшталту варыянтаў і прапановаў: эсэяў, зэлотаў і інш.”, сказаў ён.

Францішак падзякаваў кіраўнікам манаскіх супольнасцяў у Італіі за рашучасць, з якой жадаюць служыць людзям, і заклікаў умацоўвацца праз пастаяннае навяртанне, малітву, адарацыю, “дзяленне са святым народам Божым, які жыве на перыферыях гісторыі”. Неабходна вывесці сябе з цэнтру і паставіць на гэта месца Езуса, адзначыў Папа. Толькі так, на яго думку, можа развівацца кожны харызмат. Харызмат нельга “захоўваць як бутэльку з дысцыліраванай вадой”, але трэба з адвагай рабіць яго плённымі, ставячы насуперак існуючай рэальнасці, культур, гісторыі.

Важным знакам, які можа даць манаскае жыццё, на думку Папы – гэта братэрства, асабліва ва ўмовах сённяшняй індывідуалістычнай культуры, сканцэнтраванай на суб’ектыўных правах. Братэрства, аднак, прадугледжвае бацькоўства Бога, мацярынства Касцёла і Панны Марыі, нагадаў Пантыфік. Уваходзіць у гэтыя адносіны, на яго думку, законнікі павінны штодзённа, праз малітву, адарацыю і ружанец.








All the contents on this site are copyrighted ©.