2014-11-07 11:26:49

Кардынал Таран: нельга быць пасіўнымі перад пераследам хрысціян у Пакістане


RealAudioMP3 Кардынал Жан-Луі Таран лічыць, што нельга заставацца пасіўнымі перад абліччам пераследу хрысціян у Пакістане, які адбываецца ў выніку распаўсюджанага фундаменталізму і выкарыстання спрэчнага закона аб блюзнерстве. Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу прызнаўся, што быў шакаваны варварскім забойствам маладой хрысціянскай сужэнскай пары, якое было здзейснена ў правінцыі Пенджаб некалькі дзён таму, раз’юшаным натоўпам экстрэмістаў, на падставе фальшывых абвінавачванняў у “абразе Карану”. “Рэлігія не павінна апраўдваць падобныя злачынствы. Гэты закон пра блюзнерства існуе і ўяўляе сабою праблему: ці не павінна ўмяшацца міжнародная супольнасць?” - задаўся пытаннем ватыканскі пурпурат. Каментуючы прапанову аб неабходнасці ўмяшання ААН, кардынал адказаў: “Як можна заставацца пасіўнымі перад злачынствамі, якія рэлігія абвяшчае легітымнымі?”

Кардынал Таран нагадаў, што “пачынаючы з 1990 г., калі быў уведзены закон пра блюзнерстве, у Пакістане адбылося каля 60 казняў”. Многія хрысціяне ўтрымліваюцца ў камерах смяротнікаў. Пры гэтым, праблема тычыцца не толькі хрысціян, але і прадстаўнікоў іншых меншасцяў, а таксама апанентаў існуючага ладу, якія часта становяцца ахвярамі фундаменталістаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.