2014-11-06 15:18:43

У Ватыкане прадставілі праграму выстаўлення Турынскай плашчаніцы


RealAudioMP3 З 19 красавіка па 24 чэрвеня 2015 г. у Турыне будзе выстаўлена Турынская плашчаніца. Аб насычанай праграме будучай падзеі, цэнтральным пунктам якой будзе візіт у Турын Пантыфіка, паведаміў 5 лістапада 2014 г. на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане мясцовы арцыбіскуп Чэзарэ Назілья. Выстаўленне святыні мае два аспекты: свет моладзі і пакут, паведаміў іерарх. Ён дадаў, што наведанне, як і ў папярэднія разы, будзе цалкам бясплатным, дзякуючы дапамозе дабрачынцаў, якія пакрылі кошты, звязаныя з падрыхтоўкай да падзеі.

Адметнасцю выстаўлення плашчаніцы з’яўляецца прыняцце хворых. У наступным годзе такім пілігрымам будзе нададзена асаблівая ўвага падчас набажэнстваў, розных ініцыятыў і ў месцах, прызначаных для іх прабывання. Два шпіталі каля турынскай катэдры будуць абсталяваны 70 месцамі паводле ўзора санктуарыя ў Лурдзе, з магчымасцю спажывання ежы па больш нізкіх коштах.

Арцыбіскуп Назілья заўважыў, што выстаўленне стане трэцім у гэтым стагоддзі: пасля 2000 і 2010 гадоў. Раней рэліквія выстаўлялася ў 1978, 1998, 1933 і 1900 гадах. Акрамя таго ў 1993 і 2013 гадах адбывалася яе “тэлевізійнае” выстаўленне. У 1998 годзе капліцу Плашчаніцы наведаў Ян Павел ІІ, а ў 2010 годзе каля святыні маліўся Бэнэдыкт XVI. Арцыбіскуп Турына нагадаў, што з 1984 г. Турынская плашчаніца знаходзіцца ва ўласнасці Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.