2014-11-06 14:49:45

Былы ватыканскі прэс-сакратар: Ян Павел ІІ ведаў, што Берлінская сцяна падзе


RealAudioMP3 Ян Павел ІІ ведаў, што Берлінская сцяна падзе, перакананы былы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Хаакін Навара-Вальс. Ён на працягу доўгіх гадоў быў блізкім супрацоўнікам Святога Айца і асабіста бачыў яго рэакцыю на гістарычныя падзеі, што адбыліся ў Еўропе ў апошняй чвэрці ХХ ст. Сярод іх: крушэнне сімвалу падзелу кантынента на два супрацьстаячыя лагеры – Берлінскай сцяны. Яно адбылося 25 гадоў таму, 9 лістапада 1989 г. На думку Навара-Вальса, св. Ян Павел меў прадчуванне гэтай падзеі. Калі ён даведаўся пра яе, то канешне цікавіўся, як ўсё адбылося, але здавалася, што для яго гэта не было нечым нечаканым.

Падзенне сцяны цалкам адпавядала стылю мыслення Пантыфіка, сказаў яго былы супрацоўнік у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Ён патлумачыў, што Ян Павел ІІ, яшчэ пасля свайго першага візіту ў Польшчу, у 1979 годзе, пачаў казаць пра фундаментальную памылку сацыялістычнага ладу, якая мела антрапалагічныя падставы і была звязана з няправільным бачаннем чалавечай асобы. У сувязі з гэтым Папа быў перакананы, што гэта сістэма доўга не пратрымаецца і хутка знішчыць сябе. “Такім чынам, ён чакаў гэтага, чакаў гэтай перамены і таму не спыняўся – на працягу усіх наступных 10 гадоў – паўтараць сваё пасланне, якое было дасканала зразумета ва ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”, - сказаў былы кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду.

Хаакін Навара-Вальс мяркуе таксама, што думкі Яна Паўла ІІ паўплывалі на палітыку тагачаснага савецкага лідэра Міхаіла Гарбачова. У адным з лістоў былога Генсека КПСС да Пантыфіка Навара-Вальс заўважыў рэха сацыяльных энкцыклік Святога Айца. Няма сумніваў, што перамены ініцыяваныя Гарбачовым, былі натхнёныя, між іншым, словамі Папы, лічыць шматгадовы блізкі супрацоўнік св. Яна Паўла ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.