2014-11-05 12:46:09

Кардынал Кох: экуменізм – гэта не сума ўсіх касцёльных вежаў


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох спадзяецца, што правядзенне Года Рэфармацыі ў 2017 г. прынясе “далейшыя тлумачэнні” адносна рознага разумення католікамі і пратэстантамі “натуры Касцёла”. “Экуменічнае тлумачэнне разумення Касцёлаў і адзінства з’яўляецца ядром адносін паміж Касцёламі”, - сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству 3 лістапада 2014 г. у Берліне. Ён дадаў, што без разумення мэты экуменізму існуе пагроза далейшага “адыходу” Касцёлаў ад сябе. Ватыканскі іерарх прыняў удзел у адкрыцці цыкла чытанняў, арганізаваных ва Універсітэце Гумбальдта ў Берліне на тэму: “Экуменізм культуры спрэчкі? Католікі праціўнікі Лютара”.

“У той час як Каталіцкі Касцёл лічыць, што мэта – у бачным адзінстве Касцёла, сярод Касцёлаў, якія выйшлі з Рэфармацыі, з’яўляецца меркаванне вылучыць пастулат узаемнага прызнання”, - заўважыў кардынал Кох. На яго думку, такое паняцце адзінства будзе ўяўляць сабой толькі “суму ўсіх касцёльных вежаў”.

Спасылаючыся на 500-годдзе Рэфармацыі, прадстаўнік Святога Пасаду выказаў надзею, што “2017 год стане не заканчэннем, а новым пачаткам”. Ён падкрэсліў важнасць існавання “гармоніі трох элементаў: пакаяння, удзячнасці і надзеі”, як гэта ўжо было сфармулавана ў сумесным дакуменце Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай асацыяцыі лютэран пад назвай “Ад канфлікту да супольнасці”. Супольнае святкаванне юбілею Рэфармацыі павінна адкрыцца публічным актам пакаяння, лічыць іерарх. “Экуменізм сёння мае патрэбу ў навяртанні да дбайнага пошуку адзінства”, - сказаў кардынал Кох. Ён адзначыў, што перашкаджае гэтаму “постмадэрнісцкая ментальнасць, якая па сутнасці развіталася з ідэяй адзінства”.

Ватыканскі кардынал паддаў крытыцы сцвярджэнне аб станоўчым уплыве Рэфармацыі на “плюралізацыю заходняга хрысціянства”, якое ўтрымліваецца ў “асноўным дакуменце” Евангелічнай Царквы Германіі з нагоды юбілею. Ён адзначыў, што “там, дзе падзел адзінага Хрыстовага цела не з’яўляецца каменем спатыкнення, экуменізм з’яўляецца залішнім”.







All the contents on this site are copyrighted ©.