Міжнароднае даследаванне: у кожнай другой краіне парушаецца свабода рэлігіі
Свабода рэлігіі ў
свеце і права свабодна вызнаваць сваю веру ўсё больш і больш парушаюцца. На гэта звяртае
ўвагу, апублікаваны 3 лістапада 2014 г. у Парыжы, даклад асацыяцыі “Дапамога Касцёлу
ў патрэбе” аб павазе да рэлігійнай свабоды ў свеце. “На жаль, негатыўная тэндэнцыя
захоўваецца. Практычна кожны год усё больш і больш парушаецца рэлігійная свабода”,
- падкрэсліла Марта Петразіла з італьянскага бюро асацыяцыі. Яна адзначыла, што так
адбываецца практычна ва ўсім свеце, хоць у розных формах: ад крывавага пераследу да
дыскрымінацыі рознай сілы.
Амаль у кожнай другой краіне парушаецца права на
свабоднае вызнаванне веры – у 81 з 196. У 20 краінах яно амаль цалкам не рэалізуецца,
14 з іх – гэта краіны з мусульманскай большасцю. Хрысціяне па-ранейшаму застаюцца
групай, якую найбольш пераследуюць у свеце. Тут можна ўзгадаць тыя краіны Блізкага
Усходу, дзе паслядоўнікі Хрыста прысутнічаюць амаль дзве тысячы гадоў, а цяпер становяцца
ахвярамі ісламскага фундаменталізму. У дакладзе таксама адзначаецца актывізацыя намаганняў
заходняга свету, каб звесці рэлігію да сферы прыватнага жыцця і цалкам выкараніць
яе з грамадскай прасторы. Гэта асабліва відавочна ў Заходняй Еўропе.
Аўтары
паведамляюць аб вялікай занепакоенасці ў сувязі з істотным аслабленнем у свеце цярпімасці
і рэлігійнага плюралізму. Вырасла колькасць актаў антысемітызму, а многія мусульмане
церпяць пераслед ад рук сваіх адзінаверцаў. Гэтыя з’явы часта звязаны з ізраільска-палестынскім
канфліктам.