2014-11-04 11:36:38

Арцыбіскуп Тамазі пра дыскрымінацыю хрысціян на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 Перад небяспекай “глабалізацыі абыякавасці”, калі гаворка ідзе пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, папярэдзіў у інтэрв’ю амерыканскаму штотыднёвіку “National Catholic Reporter” арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе адзначыў, што грамадскасць занадта лёгка забываецца пра тое, што адбываецца сёння ў Сірыі і Паўночным Іраку. “У Сірыі колькасць выгнаных сілай з месц пражывання складае 6,4 млн., палова з якіх – дзеці”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Ён прывёў іншыя лічбы: на працягу трох гадоў канфлікту там загінулі каля 200 тыс. чалавек. У Іраку, паводле ацэнак, са студзеня гэтага года 1,8 млн. асоб былі вымушаны пакінуць свае дамы. У той жа час, краіна прыняла 215 тыс. бежанцаў з Сірыі. Сем’і падзелены, часам на працягу многіх гадоў. Выхаванне дзяцей цяжкае ці наогул немагчымае. Знаходжанне ў лагерах трансфармавала сямейнае жыццё ў штодзённую барацьбу за ежу і ваду.

Прадстаўнік Ватыкана нагадаў, што папа Францішак, падчас двух ватыканскіх сустрэч па Блізкім Усходзе, звярнуў увагу на бядотнае становішча сем’яў, выгнаных так званай Ісламскай Дзяржавай. Арцыбіскуп Тамазі падкрэсліў неабходнасць намаганняў міжнароднай супольнасці, каб спыніць злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ісламістамі. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на пастаянны зыход хрысціян з Блізкага Усходу па той прычыне, што яны разглядаюцца там як грамадзяне другога гатунку і сістэматычна падвяргаюцца дыскрымінацыі. Прысутнасць хрысціян на Блізкім Усходзе з’яўляецца знакам плюралізму і прыкметай дэмакратыі, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.